Шумилинская детско-юношеская спортивная школа встречает свой 50-летний юбилей

Актуалии Общество Спорт, туризм

За кожнай перамогай – карпатлівая штодзённая работа
За 50 год існавання Шумілінскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу ўзначальвалі  чатыры дырэктары.
У 1966 годзе на пасаду дырэктара ДзЮСШ быў прызначаны Генадзь Сафонаў, які адпрацаваў больш за дваццаць год. За гэты час шумілінскі спорт гучна заявіў пра сябе як у Беларусі, так і на тэрыторыі былога Саюза. Валейбол стаў спортам нумар адзін у Шуміліне, а грэка-рымская барацьба – у Обалі.
На жаль, Генадзя Лазаравіча ўжо няма з намі.
У 1990 – 2000 гадах кіраўніком школы быў  Эрык Марцінайціс.
Гэта былі няпростыя часы. Часта не хапала грошай, каб адправіць нашых спартсменаў на першынство вобласці. Эрык Марцінайціс расказаў, што з разуменнем адносіўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Ягор Сцяпанавіч Ганчароў, які дапамагаў вырашаць фінансавыя пытанні.  І  каманды проста не маглі падвесці раён сваімі выступленнямі.
Для нашых валейбалістаў, якіх трэніраваў Анатоль Завадскі, паспяховым лічылася толькі першае месца. Як вынік, практычна пастаянна на базе шумілінскай валейбольнай каманды фарміраваліся зборныя вобласці, якія рыхтаваў да рэспубліканскіх стартаў Анатоль Яўгенавіч. Найбольшых вынікаў у  валейболе  дасягнулі Аляксей Лебядзеўскі, Арцём Паскін, Валерый Філіпаў і Ігар Аўсянкін.
На вышыні былі на абласных спаборніцтвах і каманды дзяўчынак: у 1992 і 1994 годзе выйгралі першынство вобласці. Лепшымі ў камандзе былі капітан Алена Казлова, а таксама Вольга Панцеенка, Таццяна Лазоўская.
Доўга і трывала трымаюць абласное першынство обальскія барцы. У 90-я гады обальскае аддзяленне па грэка-рымскай барацьбе было найбольш масавым. Бывала, што на спаборніцтвы выязджалі больш за 30 обальскіх барцоў. Аляксей Сінкевіч, Сяргей Канін, Мікалай Малашэнка і іншыя неаднаразова выйгравалі рэспубліканскае першынство.
Леанід Цырулік узначальваў ДзЮСШ пятнацаць гадоў  – з  2000 па 2015 гады.
Зразумела, што найбольшыя спартыўныя дасягненне звязаны з валейболам і грэка-рымскай барацьбой.
Упершыню шумілінская каманда заявілася на дзіцячую валейбольную лігу. І адразу выхаванцы Анатоля Завадскага выйгралі гэтыя спаборніцтвы. У камандзе 1996-1997 гадоў нараджэння загарэлася “спартыўная зорачка” – Пётр Лазука.
Шумілінскія валейбалісты пастаянна ўмацоўвалі зборную вобласці. Медалі рэспубліканскіх першынстваў у скарбонах Канстанціна Мончыка, Дзмітрыя Суханава, Станіслава Прасветава, Дзяніса Адаменкі, Арцёма Масько, Яўгена Цыруліка, Антона Сіліна, Аляксея Аляшкевіча, Мікіты Паўлікава, Дзяніса Кляцкова і Антона Сушынскага.
У вучылішча алімпійскага рэзерву ў Віцебску паступіў Міхаіл Асташонак, у Наваполацк – Анастасія Гарлачова.
У грэка-рымскай барацьбе обальскія барцы на вядучых ролях ў рэспубліцы. Літаральна выстраліў “залаты набор” Пятра Ганушчанкі: Вадзім і Уладзіслаў Грачухіны, Дзмітрый і Мікалай Глушко, Ягор Ганушчанка, Дзмітрый Кучмароў, Мікіта Барсукоў, Аляксандр Храмцоў, Кірыл Драздоў  і інш. неаднаразова падымаліся на вышэйшую прыступку рэспубліканскіх стартаў. Стараліся паляпшаць матэрыяльную базу аддзялення грэка-рымскай барацьбы, для трэніровак набылі два манекены, барцоўкі.
У 2013 годзе ў ДзЮСШ вярнуўся з Віцебска трэнер па валейболе Аляксей Паршыкаў, які змог годна працягнуць трэнерскую справу А. Я. Завадскага.
У 2013 годзе не стала Анатоля Яўгенавіча Завадскага. І ў 2014 годзе быў праведзены першы турнір па валейболе, прысвечаны памяці трэнера.
На той  час былі яшчэ два аддзяленні – біятлон і футбол. Станавіліся прызёрамі і пераможцамі абласных спаборніцтваў нашы юныя лёгкаатлеты, з якімі займаліся Уладзімір Шэдзько ў Обалі, Уладзімір Кучко ў Слабадзе і Аляксандр Асташонак у Мікіцісе.
У 2015 годзе школу ўзначаліў Алег Асташонак.
На сённяшні дзень у ДзЮСШ займаюцца 263 вучні, працуюць тры аддзяленні – лёгкая атлетыка  (Шуміліна), грэка-рымская барацьба (Обаль, Башні) і валейбол (у Шуміліне (на базе ДзЮСШ і Шумілінскай СШ №2) і ў Обалі).
Летась упершыню ў Шуміліне прайшло першынство вобласці па валейболе сярод хлопцаў, райцэнтр прымаў адзін з тураў дзіцячай валейбольнай лігі. Турнір, прысвечаны памяці трэнера Анатоля Завадскага, стаў міжнародным, у ім бралі ўдзел сярэбраныя прызёры чэмпіянату Расіі валейба-лісты з г. Адзінцова Маскоўскай вобласці.
ДзЮСШ стала асноўным спартыўным цэнтрам у Шуміліне. Тут займаюцца не толькі дзеці, а і дарослыя. Багата людзей ходзіць у групы па гульнявых відах спорту, агульнафізічнай падрыхтоўцы.
У мінулым годзе нашы валейбалісты выйгралі чатыры з шасці абласных першынстваў, дзіцячую валейбольную лігу.
На рахунку обальскіх барцоў неаднаразовыя перамогі на абласных і рэспубліканскіх стартах, асабліва радуе поспех Дзмітрыя Кучмарова – адзінага прадстаўніка Віцебшчыны, які выйграў  летась рэспубліканскую спартакіяду.
Шумілінскія валейбалісты Антон Сушынскі, Арцём Масько і Пётр Лазука гуляюць у нацыянальных зборных сваіх узростаў, барцы Вадзім і Уладзіслаў Грачухіны выступаюць за маладзёжную зборную Беларусі, Ягор Ганушчанка – за кадэцкую.
За кожным поспехам стаіць штодзённая і карпатлівая работа трэнераў. З упэўненасцю можна сказаць, што ў ДзЮСШ падабраўся творчы і працаздольны  калектыў. “Трэнер ад Бога, крэатыўны і сучасны – гэта пра Аляксея Паршыкава. Не аднаму пакаленню прывіла любоў да валейболу Любоў Бабова. Дзякуючы трэнерам Юрыю Пальвінскаму і Людміле Харкавец  назіраецца сапраўдны бум на валейбол у СШ №2 і Обальскай СШ. Кожны з названых трэнераў сапраўдны прафесіянал, які можа вывесці на высокі ўзровень сваіх выхаванцаў. У верасні ў школу прыйшлі  Ганна Белавусава і Уладзіслаў Вязіцкі. Яны толькі пачынаюць свой трэнерскі шлях, але бачна, што ў іх ёсць цвёрдае жаданне расці ў прафесійным плане”, – коратка расказаў пра сённяшні калектыў ДзЮСШ дырэктар школы Алег Асташонак.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №96 ад 09.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *