Райская мясціна, успешчаная Віктарам Федчанкам

Общество Экология

Райская мясціна

Шэрым, плаксівым восеньскім днём (стаяла такое надвор’е, калі “першая”, хацелася думаць, сталая сёлетняя зіма не зачыніць  на час сваёй брамкі, а яна адпусціла, здалася)  гутарым з Віктарам Іванавічам Федчанкам. Вёска Дворышча, за Брыкетам (зараз гэта вуліца Дварашчанская вёскі Баёўка) – радзіма яго бацькоў, тут застаўся ад іх вялікі дом, у якім жыве сястра Віктара Іванавіча Марыя.  Яна без сям’і, і Віктар Іванавіч, два гады як на пенсіі, тут за гаспадара.
Ён уклаў у бацькаву сядзібу нямала сродкаў і старання. Усё пачалося з 92-га. Тады ён працаваў бульдазерыстам у ПМК меліярацыі і загарэўся на “франтальны” наступ на лазняк, альшэўнік, рознае чарналессе, якое бушавала за ягоным агародам. Асфальтавай дарогі, якая ідзе зараз між хмызнякоў, дорачы людзям участкі для забудовы, тады не было. В. І. Федчанка засяваў поле аж да самай балацявіны.  З балацявіны і пачаў. Трактар ён часта ставіў ля сядзібы, дамовіўся з начальствам, і, будучы ў водпуску, узяўся яе чысціць і паглыбляць. Запусціў малькоў. Тады ж нагледзеў дзікія высевы ельнічку, выкопваў і вазіў, вазіў да былой балацявіны цэлымі вазенкамі.
Так вырас ельнік, а ў стаўку, побач, жыравалі ўжо шчупакі, чырванапёрыя плоткі. Нікому Віктар Іванавіч рыбу лавіць не забараняў, хаця многія рыбакі, ведаючы, хто гаспадар, пыталіся ў яго дазволу. Дазваляў. І ў ельнічку, бліз стаўка, той-сёй прасіўся “на пастой” – дні на два адпачыць. Разбівалі палатку, з дзецьмі і гулялі, адводзілі душу.
Аднак не ўсё так ідылічна было, як хацелася б. Ельнічак, малады і прыгожы, стаў вялікай спакусай для тых, хто хацеў дармавой пухнатай прыгажуні пад Новы год. Ссякалі пад карэнні, высякалі вярхушку, і Віктар Іванавіч, бачачы такія варварскія замашкі, стаў вартаваць сваё дзецішча.
Мы ў ельніку. Сёння ён статны, густы, адсюль В. І. Федчанка выносіў рыжыкі, тут ціха і спакойна, лёгка на сэрцы. Сюды ён высадзіў ландышы, папараць. Прыжыліся. У гэтую райскую мясцінку часта зазірае дзятва, радуецца цішыні, цешыцца астраўком, які вырас замест чарналесся і зараснікаў.
Стаў іншым і ставок. На яго беразе, ад ельнічку, Віктар Іванавіч высадзіў белыя ліліі, і летам, якое адышло, кветкі абжылі палову сажалкі. Вакол высокія серабрыстыя вербы, кусты каліны, ароніі.
– Вось пачне тут неўзабаве будавацца ўнук, – гаворыць В. І. Федчанка.
Аказваецца, гэты ўчастак забраніраваў унук, Дзмітрый Іваненка. Ён вучыцца ў Магілёве на міліцыянера, і вясной, узяўшы крэдыты, распачне тут будаўніцтва.
Верыцца, што перадасца маладому юнаку дзедаў імпэт, дзедава гарэнне,  што не знікне з гадамі гэтая райская мясціна. Наадварот, яшчэ больш папрыгажэе, будзе яна па-ранейшаму вабіць і дзяцей, і дарослых.
Мікалай МАРОЗ, в. Баёўка.
Надрукавана ў №95 ад 06.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *