Происшествия. Криминал

Общество Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні, якія адбыліся за тыдзень у раёне, расказаў намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Ігар Шаціла.
Металалом
Жыхар райцэнтра незаконна перавозіў на вялікагрузным аўтамабілі 5660 кілаграмаў металалому на агульную суму 680 рублёў. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па арт. 12.7 ч. 1.1 “Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”.
Айфон
У жыхара Крупчына прапаў айфон. Як высветлілася, напярэдадні да пацярпелага прыйшоў знаёмы з жанчынай. Разам пілі спіртное, а калі мужчыны заснулі, жанчына прыхапіла айфон. Сябар пацярпелага расказаў, што пазнаёміўся з жанчынай у цягніку і запрасіў яе ў госці.
Знайсці махлярку дапамаглі віцебскія міліцыянеры. З дапамогай відэакамер, якія ўстаноўлены на чыгуначным вакзале ў абласным цэнтры, жанчыну апазналі і ўстанавілі яе асобу. Аказваецца, жанчына ездзіла ў цягніках у розныя накірункі вобласці, знаёмілася з даверлівымі людзьмі, а потым абкрадвала іх. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Грошы
У жыхара Обалі прапала 700 беларускіх рублёў і 2 тысячы расійскіх. Па гарачых слядах міліцыянеры ўстанавілі, што ўкраў грошы знаёмы пацярпелага, з якім яны разам распівалі спіртное.

Са звлдак ДАІ

Бяспека дзяцей
З 17 па 27 лістапада супрацоўнікі ДАІ правялі прафілактычную акцыю “Забяспеч бяспеку дзіцяці ў аўтамабілі на 100%”. Асаблівая ўвага падчас акцыі ўдзялялася выяўленню наступных парушэнняў: непрышпіленыя рамяні бяспекі, адсутнасць бустараў у аўтамабілях пры перавозцы дзяцей. За першыя восем дзён акцыі за непрышпіленыя рамяні на тэрыторыі раёна былі аштрафаваны 4 вадзіцелі (штраф да 1 БВ), за адсутнасць дзіцячых крэслаў – тры вадзіцелі (штраф ад 2 да 8 БВ). А ўсяго ў гэтым годзе за непрышпіленыя рамяні аштрафаваны больш за дзвесце кіроўцаў, за невыкарыстанне бустараў пры перавозцы дзяцей – 60 вадзіцеляў.
“Пешаход”
З 22 па 30 лістапада праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Пешаход”. За першыя тры дні акцыі было выяўлена 11 парушэнняў сярод пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту. Усяго ў гэтым годзе такіх парушэнняў 336.
Мінчанін
Супрацоўнікі ДАІ спынілі жыхара Мінска, які кіраваў аўтамабілем “Мерседэс” на вуліцы Юбілейнай у Шуміліне. Мужчына не меў правоў кіравання, на аўто не было тэхагляду (гэтае парушэнне было выяўлена паўторна на працягу года). Як высветлілася, аўтамабіль належаў сталічнаму прадпрымальніку. Ён прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за адсутнасць тэхагляду “Мерседэса” (штраф да 6 БВ) і за тое, што перадаў руль аўто чалавеку без вадзіцельскіх правоў (штраф да 45 БВ). На кіроўцу таксама складзены адміністрацыйны пратакол і пагражае штраф да 10 БВ.
Не прапусціў пешахода
На перакрыжаванні вуліц Суворава-Сіпко жыхар Шуміліна, які ехаў на аўтамабілі ВАЗ-2108, парушыў Правілы дарожнага руху: не прапусціў пешахода па нерэгулюемым пешаходным пераходзе. Больш таго, у вадзіцеля не было правоў кіравання, аўто было без страхоўкі і без тэхагляду. Мужчыну пагражае арышт і штраф да 30 БВ.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №93 ад 29.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *