Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей святкуе 30-годдзе

Актуалии Культура

Тут кожны крок – эпоха
Жыццё імгненнае. Яно не сцішыцца, каб даць сучасніку магчымасць разгледзець яго ў дэталях. Яно дзень за днём бязлітасна аддаляе асобы, падзеі, здабыткі і перамогі – цэлыя эпохі. Яно ідзе наперад, выконваючы самую галоўную сваю задачу, не азіраючыся. І толькі музеі бяруць на сябе смеласць паспрачацца з гэтай лагічнасцю жыццёвага ўладкавання. Спецыяльныя людзі ўзялі на сябе клопат строга сачыць за тым, каб не ўпусціць нічога важнага, нічога такога, што дапаможа тым самым сучаснікам адчуваць сябе значнымі, абапіраючыся на сваю багатую гісторыю. У Шуміліне гэту высакародную місію выконвае гісторыка-краязнаўчы музей. І 22 лістапада яму споўнілася 30 год.
Пастанова Міністэрства культуры БССР аб адкрыцці музея народнай славы была прынята 28 мая 1984 года, і на працягу двух гадоў ішло назапашванне матэрыялаў, стварэнне фондаў музея. Пачынала гэту работу першы дырэктар музея Л. В. Голубева. 22 лістапада 1986 года музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў і не зачыняе іх ужо на працягу трох дзясяткаў год. Сёння Шумілінскі гіторыка-краязнаўчы музей ўзначальвае Святлана Іванова, якой з нагоды юбілею мы задалі некалькі пытанняў.
– Як і калі фарміраваўся асноўны фонд?
–Асноўны фонд музея на сённяшні дзень складае 11,5 тысячы экспанатаў.  Вядома, актыўнае яго фарміраванне адбывалася ў першыя гады існавання. Тады людзі з радасцю аддавалі ў музей розныя каштоўныя рэчы. На долю першага дырэктара музея Л. В. Голубевай выпала не толькі прывесці ў парадак будынак, але і пачаць гэты збор. Але асноўная работа па фарміраванні фондаў была зроблена наступным дырэктарам – В. П. Кобзун, якая адпрацавала ў музеі 12 год. Тады, напрыклад,  была сфарміравана калекцыя Белавусава і многае іншае.
– Зараз папаўненне фондаў ідзе ўжо не так актыўна?
– Мы не можам пахваліцца тымі аб’ёмамі, якія былі раней. Тады і ў людзей быў энтузіязм – аддаць сваю рэч і, як гаворыцца, трапіць у музей. І мы заўжды вельмі ўдзячныя дарыльшчыкам, з дапамогай якіх і папаўняецца музей. Папаўняюць фонды і нашы экспедыцыі. Камплектаванне і захоўванне калекцый – адзін з асноўных накірункаў нашай работы. У экспазіцыйных залах музея можна пазнаёміцца з гісторыяй дасавецкага перыяду, гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, аднаўлення народнай гаспадаркі, з каштоўнымі археалагічнымі знаходкамі, этнаграфічнымі матэрыяламі, узорамі мастацкай творчасці і многім іншым.
– Які з экспанатаў музея самы каштоўны?
– Адзін экспанат я вылучыць не магу. Цэлы шэраг унікальных экспанатаў занесены ў Дзяржаўны каталог музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. І першым быў ліст на берасце Юзікава – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. На сённяшні дзень у каталогу зафіксавана 118 нашых экспанатаў. Па статыстыцы мы ў ліку першых. Сярод іх – калекцыі жывапісу: работы У. П. Белавусава, У. У. Іванова; археалагічныя знаходкі: фрагменты касцей і ніжняя сківіца маманта. Дарэчы, гэта ўнікальны экспанат, які на тэрыторыі Беларусі ёсць толькі ў нашым музеі.
– Цікава, як мамант трапіў у наш музей?
– На беразе Заходняй Дзвіны ў раёне вёскі Цербяшова ў 1992 годзе экскаватаршчык Сяргей Дзягілеў капаў кар’ер і наткнуўся на вялізныя косткі. Ён разам з сынам і пляменнікам адкапаў іх і прывёз у музей. А ўжо музей адпраўляў косткі ў Акадэмію навук БССР на экспертызу. Заключэнне экспертнага савета пацвердзіла, што косткі належаць вымерлай жывёле – маманту, якому на момант смерці было 30-40 год.
– Якія выставы ці мерапрыемствы сёння выклікаюць найбольшую цікаўнасць у наведвальнікаў?
– Гэта разнастайныя камерцыйныя выставы, тэматычныя, мерапрыемствы, прымеркаваныя да пэўных дат. У нас ёсць план работы, які дазваляе не прапусціць ніводнай важнай гістарычнай падзеі. Мы стараемся, каб любому наведвальніку, ад школьніка да пенсіянера, у нас было цікава.
– Намалюйце вобраз сярэднестатыстычнага наведвальніка музея.
– Гэта школьнік. І мы вельмі ўдзячныя дзецям і іх настаўнікам за тое, што яны з намі сябруюць. Мы ўдзячныя жыхарам Шуміліна, якія адгукаюцца на нашы выставачныя праекты. Дарэчы, у апошні час у нас вымалеваўся яшчэ адзін партрэт пастаяннага наведвальніка – гэта чалавек шаноўнага ўзросту, які, дзякуючы праекту “Народная крыніца”, стаў нашым верным сябрам. Гэта тая аўдыторыя, якая адсочвае культурнае жыццё музея, прымае ўдзел у выставах. Мы таксама ўдзячныя за супрацоўніцтва ўсім грамадскім арганізацыям раёна, газеце, педагогам – усім, хто разам з намі ідзе плячо ў плячо.
– Якім вы бачыце шумілінскі музей у сваіх марах?
– Я хачу, каб ён быў больш інтэрактыўны, больш сугучны часу. Я разумею, што мы захавальнікі гісторыі, але і гісторыя павінна крочыць у нагу з часам, каб у музеі было цікава розным катэгорыям наведвальнікаў. Хацелася б бачыць музей, у якім было б сховішча, якое адпавядае сучасным патрабаванням захоўвання экспанатаў, каб была карцінная галерэя, і можна было арганізоўваць выставы. Каб, як у сучасных музеях, былі пакоі для работы з дзецьмі, пакоі для работы наведвальнікаў з дакументамі.
– Якую б экскурсію вы прапанавалі выпадковаму турысту, каб той адчуў асаблівасць і веліч нашага горада?
– У Шуміліне і ў раёне ёсць выдатныя мясціны, і мы пастаянна распрацоўваем маршруты, якія спачатку апрабуем на дзецях. Гэта могуць быць міні-праекты, якія потым складваюцца, як пазл, у сапраўдны цікавы маршрут. Магчыма, гэта не так візуальна прасочваецца – больш успрымаецца на слых. Але ж мы на гадзіну затрымаемся і на брацкіх могілках, на дзве – на вакзале, на вуліцы Сіпко спынімся і раскажам шмат цікавага, і гэтак далей. Так турыста ў Шуміліне гадзін на 12 можна заняць дакладна.
– Хочацца пажадаць, каб цікавасць да гісторыі свайго краю толькі расла. Жадаем поспеху калектыву музея ў такой высакароднай справе.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

На працягу 30 год у музеі працавалі: Л. В. Голубева, В. П. Кобзун, В. В. Шарыпава, Д. М. Нікіфарава, В. В. Іванова, А. В. Карэліна, А. А. Смірнова, Ж. В. Барадзіна, С. Г. Асадчая, Н. Я. Дружкіна, В. А. Сідарава, І. Ф. Вараб’-ёва, Г. Л. Цвяткова, А. В. Бароўкін, В. С. Папейка, Л. М. Вараб’ёва.

29 лістапада ў чытальнай зале раённай бібліятэкі пройдзе мерапрыемства “Музей збірае сяброў”.
Пачатак у 11.00. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Надрукавана ў №92 ад 25.11.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *