За што ламаюць насы ў Мікіцісе ?

Общество Происшествия

За што ламаюць насы ў Мікіцісе ?
Адзін хлопец зламаў другому нос за тое, што той насіў рэмень з армейскай бляхай. У такім кароткім выкладзе гэта гісторыя можа выклікаць непаразуменне ці нават усмешку. Але той факт, што гэты выпадак стаў падставай для судовага разбору, ясна дае зразумець, што смяяцца тут не прыходзіцца.
Справа разглядалася старшынёй суда Аленай Сініцкай з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы памочніка пракурора Наталлі Гаўрылюк у адкрытым выязным судовым пасяджэнні ў Мікіцісе. На лаўцы падсудных А. – мясцовы малады чалавек, які ўзяў на сябе “абавязак” данесці да іншых пэўныя нормы і правілы функцыянавання чалавечага калектыву. Маўляў, калі ты яшчэ не служыў у арміі, то і рэмень з армейскай бляхай насіць не маеш права. У адваротным выпадку – чакай непрыемнасцяў. Гэтыя непрыемнасці да (на той момант) яшчэ непаўналетняга С. “прыйшлі” ў выглядзе зламанага носа вельмі хутка.
Дзе запісаныя такія правілы, хто ўпаўнаважыў А. ламаць насы за іх парушэнне, высветліць у ходзе судовага пасяджэння так і не ўдалося. Хлопцу не хапіла лексічнага запасу для таго, каб яго жыццёвая пазіцыя выглядала пераканаўча. Ды і ні ў каго б не хапіла, бо лагічна абгрунтаваць прэтэнзіі падобнага кшталту немагчыма.
Хочацца верыць, што тыя 240 гадзін грамадскіх работ, да якіх суд прыгаварыў хулігана, дадуць яму магчымасць падумаць над сваімі паводзінамі. Гэта першая крымінальная справа ў яго біяграфіі, але адміністрацыйных правапарушэнняў на рахунку хлопца больш чым дастаткова. Дастаткова для таго, каб зразумець, што, трапіўшы на лаўку падсудных, ён пацвердзіў лагічнасць законаў жыцця. Не тых, якія прыдумаў сам, супрацьпастаўляючы сябе грамадству, а сапраўдных. Канечне, можна колькі хочаш думаць пра сябе як пра “крутога”і надзвычай харызматычнага мача, але любому прыстойнаму чалавеку відавочна, што ты проста дзёрзкі, неадукаваны, нідзе не працуючы лайдак, які ў свае 22 гады самасцвердзіцца можа толькі за кошт прыніжэння іншага. Прырода не выносіць пустаты: непрачытаныя кнігі, нічым не занятыя розум і рукі, не абцяжараны клопатам пра бліжняга час – усё гэта абавязкова рана ці позна прыносіць сумныя дывідэнды.
Навукай гэты суд павінен стаць і для пацярпелага С. І гаворка тут зусім не пра гардэроб. Яму ні за што ні пра што “з’ездзілі” па носе, а ён не тое, што ў міліцыю звяртацца не стаў, але і за медыцынскай дапамогай таксама. Так цэлы тыдзень са зламаным носам і адхадзіў. І толькі калі зразумеў, што сам па сабе ён загойвацца не збіраецца, паехаў у бальніцу, і ўжо медыкі зрабілі сігнал у міліцыю. Дзіўная абыякавасць да самога сябе. А калі ўспомніць, што гісторыя пачалася з сумеснага распівання спіртнога ў кампаніі са сваім будучым крыўдзіцелем, то здзіўленне перарастае ў непаразуменне. Ёсць сотні спосабаў правесці свой вольны час неяк па-іншаму. Калі ты выбіраеш менавіта такі, то чакай непрыемнасцяў. І тут няважна, што на табе апранута.
Дарэчы, бедалага прызваўся ў армію і праз паўтара года зможа ўсё ж насіць той самы рэмень з правам, якое прадпісваюць няпісаныя законы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №91 ад 22.11.2016 г.



1 комментарий по теме “За што ламаюць насы ў Мікіцісе ?

  1. Вот напустили «пурги»! Начинать нужно было с того, что совместно распивали, тогда все, сразу стала бы на свои места!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *