Светлане Линкевич из Шумилино вручили премию имени З. М. Туснолобовой-Марченко

Актуалии Общество Семья

Светлана Линкевич с дочерью Екатериной

Быць мнагадзетнымі не марылі. Марылі пра сыночка
У мінулую пятніцу ў аблвыканкаме адбылося святочнае ўшанаванне жанчын-маці, якія сёлета ўдастоены абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі. Шуміліншчыну на гэтым мерапрыемстве прадстаўляла Святлана Лінкевіч з аграгарадка Светласельскі.
Святлана Лінкевіч – урач па прафесіі, зараз яна працуе загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы. А яшчэ яна маці траіх дзетак: Карыны, Каці і Пашы.
Калі б нехта сказаў Святлане гадоў “…наццаць” таму, што яна будзе мнагадзетнай маці, яна б не паверыла і толькі ўсміхнулася. “Не, не марыла пра гэта, – прызнаецца жанчына. – Спачатку нарадзілася Карынка (ёй зараз 14), потым была надзея на сына, але ж з’явілася Кацюша (ёй зараз 10). А нам з мужам вельмі хацелася сыночка. Таму і рызыкнулі. Так на свет з’явіўся наш доўгачаканы Пашачка”.
“Паверце, цяжка толькі з першым дзіцём, калі няма вопыту, – прызналася мнагадзетная маці. – А потым, з нараджэннем наступных дзетак, атрымліваеш столькі шчасця і асалоды, столькі пазітыўных эмоцый, што ўсе нягоды і непрыемнасці нават і не заўважаеш. Дзеці адзін ад аднаго вучацца і дапамагаць, і клапаціцца, і пераймаць добрае і станоўчае. Галоўнае, каб ім хапала любові, каб яны адчувалі клопат і падтрымку маці і таты”.
“Якая вы мама?” – пытаюся ў Святланы. “Найперш, справядлівая, – прызнаецца яна, – добрая і адначасова патрабавальная. Жыццё зараз такое складанае, што не кожнаму лёгка ў ім існаваць. Таму дзецям з малых гадоў не даю паслабленняў”. Можа, таму яны ўсе без выключэння, нават самы маленькі пяцігадовы Паўлік, надта самастойныя, хаця ўсе розныя. А яшчэ практычна ўсе ўпартыя і мэтанакіраваныя – гэтыя рысы характару ўзялі ад таты, а вось добрыя і ўступчывыя, як маці.
“Кім бачыць мама сваіх дзетак?” – задаю чарговае пытанне Святлане.
“Шчаслівымі людзьмі, самадастатковымі, адукаванымі, запатрабаванымі, – разважае жанчына. – Карынка марыць быць урачом, як мама і тата, яна неаднойчы бывала на рабочых месцах бацькоў і разумее сэнс работы медыка. Ёй падабаецца. Каця зусім іншая. Яна ў нас эканаміст-фінансіст, умее лічыць і разумна размяркоўваць грошы. Напэўна, будучая прафесія яе будзе звязана менавіта з гэтымі галінамі. Кім будзе Паша, мы таксама можам здагадвацца. Але той факт, што ён літаральна з нараджэння гуляе толькі “ў бальніцу” і толькі “ў якасці доктара”, не пакідае нам вялікіх фантазій наконт яго будучай прафесіі”.
Нягледзячы на вялікую занятасць на працы, матулінай любві і ўвагі хапае на ўсіх, пераканана Святлана. Мама абавязкова знойдзе час для бацькоўскіх сходаў, для пазакласных мерапрыемстваў, для сумесных паездак і захапленняў, проста для шчырых размоў. “У нас ёсць правіла: усе галоўныя святы мы адзначаем толькі разам, усёй сям’ёй, – кажа Святлана. – Самыя любімыя – дні нараджэнняў”. Праўда, у гэтым плане ў сям’і Лінкевічаў атрымалася невялічкая эканомія з-за таго, што ў Святланы і яе мужа Віталя дзень нараджэння ў адзін дзень. Бывае і такое.
Зараз Лінкевічы распачалі грунтоўны рамонт дома, самі ж пакуль часова пражываюць у Баёўцы ў бацькоў Святланы, мараць да Новага года справіцца і пераехаць у родныя сцены, каб сустрэць свята ў абноўленым доме, вялікай дружнай сям’ёй, дзе вось ужо пятнаццаць год жывуць радасць, падтрымка, узаемаразуменне і любоў.
Алена КАРПУШЭНКА.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.
Надрукавана ў №82 ад 18.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *