Делегация Шумилинского района приняла участие в областных «Дожинках» в Сенно

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Павага, пашана і слава нялёгкай сялянскай працы”


Калі пад праліўным дажджом дэлегацыя нашага раёна ад’язджала на “Дажынкі”, думалася: “Няўжо надвор’е, якое так псавала ўборку збожжавых, не пашкадуе хлебаробаў і сапсуе святочны настрой?”. Але чым бліжэй пад’язджаў аўтобус да сталіцы сёлетных “Дажынак”, тым святлей станавілася неба, і да сустрэчы дэлегацый з раёнаў хлебам-соллю каля Сянно надакучлівы восеньскі дождж спыніўся. Абноўлены да свята горад сустрэў добрым надвор’ем, а часам і сонцам, якое ўпарта прабівалася праз хмары.
Сенненцы цёпла віталі дэлегацыі з усіх раёнаў Віцебшчыны падчас урачыстага шэсця па вуліцах горада. А на цэнтральнай плошчы адбылася галоўная падзея “Дажынак” – ушанаванне лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу вобласці, якія ў складаных умовах здолелі ўбраць з палеткаў зерне, нарыхтавалі дастатковую колькасць кармоў для жывёлы на зіму.
“Галоўны вынік нялёгкай працы ўсіх працаўнікоў сяла – гарантаваная харчовая бяспека краіны, аснова для ўстойлівага развіцця аграрнага сектара эканомікі, павышэння дабрабыту людзей. Шчыра кажам – павага, пашана і слава нялёгкай сялянскай працы”, – падкрэсліў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Выступленне было грунтоўным, з падрабязным падвядзеннем вынікаў, задачамі на перспектыву і ўдзячнасцю за самаадданую працу на зямлі. “Стан спраў у сельскай гаспадарцы рэгіёна, яго паспяховасць залежаць ад вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Стабільная кармавая база, павелічэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі травяных кармоў стала стратэгічным напрамкам развіцця раслінаводства ў бягучым годзе. Мы пашыраем плошчы шматгадовых траў, павялічваем удзельную вагу канюшыны, робім упор на зернебабовыя культуры, тэхналагічнае вырошчванне кукурузы”, – падкрэсліў кіраўнік вобласці.
Мікалай Шарснёў уручыў дыпломы і грашовыя прэміі пераможцам спаборніцтваў сярод камбайнераў, вадзіцеляў, спецыялістаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і сярод раёнаў вобласці.
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што дзяржава заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць сельскую гаспадарку. Вось і сёлета аблвыканкам вырашыў за кошт бюджэту купіць новую тэхніку для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. На сцэну былі запрошаны кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў Віцебшчыны, якім былі ўручаны ключы ад аўтамабіляў “Ніва”, што, дарэчы, стаялі тут жа на плошчы, і сертыфікаты на набыццё трактароў і прычапных агрэгатаў, так патрэбных на палетках. Сертыфікат на трактар “Беларус 82.1” атрымала і дырэктар КУСГП “Ульскі” В. У. Лабейка.
Сярод ганаровых гасцей былі старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі Леанід Анфімаў, памочнік Прэзідэнта – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў краіны.
На “Дажынкі” прыехалі прадстаўнічыя дэлегацыі са Смаленскай, Пскоўскай, Бранскай і Цвярской абласцей Расійскай Федэрацыі. Найбольшую цікаўнасць журналістаў, ды і ўсіх удзельнікаў свята, выклікаў дэпутат Дзяржаўнай Думы РФ ад Браншчыны вядомы баксёр Мікалай Валуеў. Ён ахвотна і добразычліва ўступаў ва ўзаеміны з людзьмі, выступіў ад імя расійскіх дэлегацый падчас урачыстага пасяджэння, выказаўшы словы падзякі сялянам за працу, адзначыўшы яе цяжар і надзвычайную адказнасць.
Праграма свята-кірмашу была надзвычай насычанай. Жыхары Сянно і госці актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх святочных мерапрыемствах, дзівіліся, як змяніўся і папрыгажэў горад. Дарэчы, як адзначыў у выступленні Мікалай Шарснёў, пасля “Дажынак” застаецца абноўлены горад, добраўпарадкаваны, прыгожы, у якім цікава жыць, працаваць, расціць дзяцей. Мы будзем праводзіць іх і надалей. У наступным годзе сталіцай “Дажынак” стане Дуброўна, далей Верхнядзвінск, потым Браслаў.  Такое папярэдняе вызначэнне гарадоў для святкавання дазволіць больш грунтоўна падрыхтавацца, пабудаваць новыя аб’екты, правесці рэканструкцыю існуючых.
З удзелам кіраўніцтвам вобласці, ганаровых гасцей “Дажынак-2016” былі адкрыты абноўлены цэнтральны сквер з Алеяй герояў і знакам “Родны край” у гонар Матроны Маркевіч (аўтара ўзору на дзяржаўным сцягу Беларусі), новы Палац урачыстых абрадаў і парк Трох Герояў, абноўленыя фізкультурна-аздараўленчы комплекс і стадыён.
Вялікі інтарэс выклікалі паказальныя выступленні воінаў-дэсантнікаў у парку Трох герояў і супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Шмат пакупнікоў прыцягвалі гандлёвыя рады. Народную культуру Шуміліншчыны дэманстраваў раённы Дом рамёстваў з народным клубам нацыянальнай кузні “Разынка”. У палатку шумілінскага райспажыўтаварыства задорна заклікалі пакупнікоў артысты з раённага цэнтра культуры. І прахожыя спыняліся, падпявалі і падтанцоўвалі, заходзілі пачаставацца.
Свята атрымалася яркім, запамінальным, насычаным, а значыць удалося. Бывай, Сянно, да сустрэчы ў Дуброўне ў наступным годзе!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *