Шумілінскі кірмаш: бульбу – у запас, яблыні і чарэшні – у сад

Актуалии Общество Экономика

Бульбу – у запас, яблыні і чарэшні – у сад
Пад гучную музыку ў першы дзень кастрычніка ў Шуміліне прайшоў першы з чарады восеньскіх кірмашоў.

І хаця многія бурчалі, што пачатак месяца – не зусім удалы час, бо авансы ўжо закончыліся, а зарплат і пенсій яшчэ не было, чэргі выстраіліся літаральна да кожнай гандлёвай кропкі. Набыць можна было і шкарпэткі, і сувенірную прадукцыю, і пасадачныя грунты,  і дровы, але пакупнікоў больш прываблівалі прылаўкі з харчовай прадукцыяй ды яшчэ кропкі з саджанцамі пладовых і дэкаратыўных раслін.
Шырокі асартымент харчовай прадукцыі прадстаўлялі гандлёвыя прадпрыемствы раёна, госці з абласнога цэнтра. Падворкі сельсаветаў аб’ядналі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, установы адукацыі ды некаторых вяскоўцаў, што прыехалі прадаць лішкі вырашчанай прадукцыі.
Сельгаспрадпрыемствы прапаноўвалі збожжа і мяса, школы, якія праявілі шырокую фантазію ва ўпрыгажэнні сваіх прылаўкаў, прадавалі гародніну, закаткі, выпечку і шмат чаго яшчэ.
Пакупнікоў, здавалася, было нямнога, але яны ўвесь час змяняліся, падтрымліваючы стабільны попыт.

Самая вялікая чарга выстраілася да аўтамашыны з СФГ “Раднік”, якая прывезла на кірмаш самую танную бульбу (20 кап. за кілаграм) ды гародніну. Шмат людзей стаяла да гандлёвых кропак Лужаснянскай сортавыпрабавальнай станцыі і аднаго з мінскіх плодагадавальнікаў, што гандлявалі саджанцамі пладовых дрэў і кустоў. Зараз самы спрыяльны час для пасадкі дрэў, таму шумілінцы актыўна цікавіліся асаблівасцямі гатункаў яблынь і груш, парэчак і чарэшні, куплялі маладыя дрэўцы і кусты. Падыходзілі да машыны лясгаса, які прапаноўваў пасадачны матэрыял дэкаратыўных хвойных раслін. Куплялі мяса, якое прапаноўвалі амаль усе гаспадаркі па 4,5-6,0 рублёў.
Наогул за шматгадовую традыцыю кірмашоў склаліся партнёрскія адносіны паміж многімі прадаўцамі і пакупнікамі. Пакупнікі шукалі свайго прадаўца, такога, як, напрыклад, Навікоўская школа, слаўная сваёй капустай, буракамі і морквай, ці гандляроў мёдам і кветкамі. Думаецца, што кірмашом засталіся задаволеныя ўсе – і пакупнікі, і прадаўцы.
Ну а тых, хто не змог закупіцца 1 кастрычніка, чакае вялікі кірмаш праз два тыдні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №78 ад 04.10.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *