Шумілінскія наваселлі

Актуалии Край шумілінскі Общество

Шумілінскія наваселлі

У мінулую пятніцу Шуміліна пабагацела адразу на два важкія сацыяльныя аб’екты. Ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты фізкультурна-аздараўленчы комплекс і здадзены 40-кватэрны жылы дом на вуліцы Юбілейнай.
“Вельмі прыемна павіншаваць жыхароў Шуміліна з уводам пасля рэканструкцыі такога аб’екта, як фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Асабліва важна тое, што ФАК нават у складаных эканамічных умовах будаваўся за сродкі раёна, толькі на фінішы абласны бюджэт падставіў плячо і выдзеліў на завяршэнне рэканструкцыі 3 мільярды, – сказаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. – Шумілінцы атрымалі цудоўны комплекс, у якім можна заняцца спортам, умацаваць здароўе. А басейн для райцэнтра быў асабліва неабходны”.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў выказаў шчырыя словы падзякі шумілінскім будаўнікам, якія працавалі на абодвух аб’ектах, за якасць і хуткасць выкананых работ.
Дырэктар Шумілінскай ПМК-70 Аляксей Крыўко ўручыў сімвалічны ключ ад ФАКа начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціне Мяньковай. Кіраўнік раёна разам з гасцямі – першым намеснікам старшыні аблвыканкама Генадзем Грэбневым і старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым – перарэзалі чырвоную стужку, і фізкультурна-аздараўленчы комплекс гасцінна расчыніў дзверы.
Светлыя і прасторныя залы для настольнага тэніса, фітнеса, трэнажорная зала. На першым паверсе міні-басейн на дзве дарожкі даўжынёй 16,6 м. Дарэчы, у ФАКе прадугледжаны зручнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Праектны кошт аздараўленчага аб’екта складае 14,2 млрд недэнамінаваных рублёў, з якіх ужо асвоена 11,9 млрд.
*   *   *
А праз гадзіну ўрачыстасці перамясціліся на вуліцу Юбілейную, 25, дзе ўводзіўся новы дом. Будаўнікі з Шумілінскай ПМК-70 працавалі з усходу і да заходу сонца – пяціпавярховы дом-прыгажун вырас за паўгода.
Ён будаваўся на падставе дагавораў долевага будаўніцтва з прыцягненнем сродкаў дольшчыкаў і льготных крэдытаў “Беларусбанка”. У доме 20 аднапакаёвых і 20 двухпакаёвых кватэр. Упершыню ў раёне за кошт сродкаў бюджэту пабудаваны 4 кватэры камерцыйнага выкарыстання для замацавання маладых спецыялістаў. 12 кватэр здадзены з поўным аздабленнем, у тым ліку 8 – для мнагадзетных сямей. А ўсяго ў доме жыллёвае пытанне вырашыць 15 мнагадзетных сямей.
Яшчэ да пачатку мерапрыемства на пляцоўку ля новага дома завітала кошка, якая, быццам бы ведаючы прыкметы, першай зайшла ў дом, прайшлася па пад’ездзе, па адчыненых кватэрах, пасля чаго выйшла на ганак, усім сваім выглядам паказваючы, што ўсё ў парадку, можна пачынаць адкрыццё.
Аляксандр Снараў адзначыў, што у раёне 347 чалавек стаяць у чарзе на жыллё, таму жыллёвае будаўніцтва не спыняецца: кожны год узводзяцца жылыя дамы ў Шуміліне, будуецца і Обаль; у планах – закладка новых дамоў, якія будуць уведзены ў наступным годзе.
Удзячнасцю будаўнікам, дзяржаве была напоўнена ўсхваляваная прамова Кацярыны Гаўрылавай, шматдзетнай маці, сям’я якой пабудавала кватэру ў новым доме. Права адкрыць дом даверана першаму намесніку старшыні аблвыканкама Генадзю Грэбневу, кіраўніку раёна Аляксандру Снараву і Кацярыне Гаўрылавай.
Асабліва ўсхваляванымі былі будучыя жыхары новага дома: хтосьці ўжо размяркоўвае, дзе і як будзе ставіць мэблю, хтосьці плануе аддзелачныя работы, каб давесці кватэру да ладу. Прыемна, што яшчэ сорак маладых сямей атрымаюць сваю ўласную кватэру, што ў гэтым доме будзе шмат дзяцей. А дзеці заўсёды надаюць упэўненасць ў будучыні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.

Надрукавана ў №72 ад 13.09.2016 г.



1 комментарий по теме “Шумілінскія наваселлі

  1. А ФОК то работать не будет до Нового Года. Зачем же торжественное открытие делать.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *