Ніколі не позна ўзяць сябе ў рукі
У мінулую пятніцу ў рамках Дня работы з насельніцтвам на тэрыторыі Светласельскага сельсавета прайшоў дзень прафілактыкі. Група ў складзе намесніка старшыні райвыканкама І. І. Шалахавай, старшыні сельсавета В. В. Шчарбакова, супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях і раённага аддзела ўнутраных спраў пабывалі ў падраздзяленні Башні УП ЖКГ Шумілінскага раёна і на зернесушыльным комплексе а.-г. Светласельскі, дзе сустрэліся з калектывамі ўчасткаў і правялі прафілактычныя гутаркі па пажарнай бяспецы, бяспецы працы і прафілактыцы злачынстваў.
У будынку Светласельскага сельвыканкама прайшло пашыранае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку з удзелам старшыні сельвыканкама В. В. Шчарбакова, начальніка РАУС А. Р. Дзмітрэнкі, начальніка РАНС А. І. Сасновіча, іерэя Вадзіма Яско, члена камісіі, дэпутата мясцовага Савета, загадчыка Светласельскага дзіцячага сада Л. В. Ястрабавай.
На прафілактычныя “ўрокі” былі запрошаны 8 чалавек – абавязаныя асобы, асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі ці нідзе не працуюць, сямейныя дэбашыры. Выпадковых людзей, можна сказаць, тут не было. Некаторыя з іх за год па трэцяму разу прыходзяць на падобныя мерапрыемствы. Эфекту ад прафілактычнай гутаркі і іх абяцанняў выправіцца хапае на дужа непрацяглы час. Тым не менш, такія людзі павінны разумець, што яны пад пільным наглядам многіх службаў, іх паводзіны кантралююць, кожны іх хісткі крок ведаюць. І за кожную правіннасць трэба адказваць па поў-най.
Пра чалавека мяркуюць па ягоных учынках. Менавіта па іх, адэкватных і годных, а яшчэ па наяўнасці сумлення, сораму і па імкненні жыць па хрысціянскіх запаведзях ён адрозніваецца ад жывёлы. І ніколі не позна ўзяць сябе ў рукі і жыць па-чалавечы, з клопатам пра сябе, пра сваіх дзетак, унукаў, блізкіх і родных. Такую думку імкнуўся данесці запрошаным на пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку іерэй Вадзім – з вялікай надзеяй хоць кімсьці з іх быць пачутым.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №64 ад 16.08.2016 г.