Классики, салки? Лучшая игра — это компьютер

Общество Семья

Якія гульні выбіраюць сённяшнія дзеці?
“Раней моладзь была лепшай”, – уздыхаюць (дарэчы, як і сто, і дзвесце гадоў таму) людзі паважанага ўзросту.
Як часта мы чуем ад тых, каму за пяцьдзясят: “Вось нас бацькі выхоўвалі па-іншаму, і гульні ў нас былі іншыя. Увесь час праводзілі на свежым паветры, ганялі на веласіпедах, хлопчыкі гулялі ў футбол, ехалі ў лес, будавалі шалашы, гулялі ў “казакі-разбойнікі”, дзяўчынкі скакалі ў класікі, праз рызінкі. А яшчэ былі квач, хованкі, выбівалы. Зіма пачыналася са сняжкоў, літаральна ўсе каталіся на санках і на лыжах…”
Зараз дваровыя гульні амаль зніклі з жыцця сучасных дзетак. Ужо амаль не сустрэнеш у двары дзяўчынак, якія захоплена гуляюць у “класікі”, няма сярод хлопцаў ахвочых расчышчаць бліжэйшую сажалку, выразаць драўляную клюшку і да ночы ганяцца за шайбай.
Што ж робяць сённяшнія дзеці, якія гульні яны выбіраюць?
Многія праседжваюць увесь свой вольны час каля экранаў тэлевізараў ці за маніторамі камп’ютараў, прамяняўшы радасць руху і жывых зносін на новыя тэхналогіі. Некаторых не выпускаюць гуляць на двор бацькі, асцерагаючыся рэальных ці выдуманых небяспек. А іншыя, як адправіліся з шасці гадоў у школу, так ужо і забыліся на гульні, увесь свой час аддаючы навукам, змагаючыся за добрыя адзнакі.
Але, як бы там ні было, галоўны вораг вуліцы і рухомых гульняў – сучасны гаджэт (мабільнік, планшэт, камп’ютар…) І калі дзеці бяздумна невылазна цэлымі суткамі занятыя камп’ютарнымі гульнямі, безумоўна, гэта абавязкова паўплывае на іх фізічнае развіццё, на псіхічнае здароўе. І мы ўжо бачым прыклады, калі дзеці робяцца больш агрэсіўнымі, замкнёнымі, нетаварыскімі.
Неаспрэчна, што ў гэтым найперш вінаваты бацькі. Яны павінны займаць дзяцей, вучыць іх гульням. Толькі ж, каб прывучыць сына да спорту, бацька сам павінен ісці ў спартзалу, а едучы адпачываць на рэчку, ён павінен класці ў сумку не бутэльку піва, а валейбольны мяч… Але бацькам так прасцей: уключылі дзіцяці мультфільм, і можна спакойна займацца сваімі справамі.
Хаця нельга не прызнаць відавочную карысць сучасных тэхналогій (калі імі карыстацца разумна): магчымасць відэазванка ў любую кропку планеты, даступнасць кожнага тэлеканала, радыёстанцыі, літаратуры, іншых відаў мастацтва, магчымасць падарожнічаць анлайн па ўсім свеце, быць у курсе самых свежых навін. Гэта, паўторымся, пры разумным падыходзе.
Прычына ўзнікнення канфлікту пакаленняў крыецца ў тым, што кожнае новае пакаленне жыве ў іншых умовах, чым яго папярэднікі, і гэтыя ўмовы фарміруюць іншыя густы, звычкі, іншую сістэму каштоўнасцяў. Вядома, багаж будзе больш каштоўным, калі папярэдняе пакаленне паклапоціцца пакласці туды свае самыя важкія здабыткі, у тым ліку і свае дзіцячыя гульні.
Таму так важна мацаваць тую “нітачку”, якая звязвае пакаленні, клапаціцца, каб жыццёвыя багажы перадаваліся ад старэйшых малодшым, з пакалення ў пакаленне.
Сяргей ІСКОЛ, студэнт БДУ.
Надрукавана ў №62 ад 09.08.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *