Сакрэт поспеху «Міні-Маркету»
Восем год прайшло з таго часу, як ПГУП “Карына-гандаль” (дырэктар Аляксандр Мацуганаў) адкрыла у аграгарадку Мікіціха магазін “Міні-маркет”.
Загадчыца міхіціхінскага “Міні-маркету” Ірына Рыбакова – вопытны прадавец, які ў сферы гандлю працуе трыццаць год. “Усё задавальняе, – дзеліцца жанчына. – У такім магазіне, як гэты, цікава працаваць. Ды і калектыў падабраўся добры: прадаўцы Валянціна Лісава, Яўфрасіння Сафронава і Святлана Амосава працуюць з самага пачатку. А Вольга Жыгунова, наш чацвёрты прадавец, прыйшла да нас гады праз паўтара пасля адкрыцця”.
“Міні-маркету” хапіла некалькі месяцаў, каб стаць самай папулярнай крамай у аграгарадку і навакольных вёсках. Сакрэт такога поспеху, па словах загадчыцы, вельмі просты: багаты асартымент і ветлівасць прадаўцоў. “Важна, каб пакупнік вяртаўся ў наш магазін, – упэўнена Ірына Рыбакова. – А вернецца ён толькі тады, калі зможа тут набыць усё, што пажадае”. “Міні-маркет” цвёрда трымае свае пазіцыі. Так, напрыклад, тут можна набыць прадукцыю 9 (!) беларускіх мясакамбінатаў. А ў планах кіраўніцтва – пашырыць асартымент яшчэ больш.
І пакупнік ідзе ў магазін зноў і зноў, у будні праз “Міні-маркет” праходзіць да 800 чалавек, а ў выхадныя – больш за тысячу. Працаваць жа ў такім рытме калектыву магазіна на чале з Ірынай Рыбаковай даспадобы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №59 ад 28.07.2015 г.