Асуджаны вінаваты ў аварыі ля вёскі Язвіна
Паміж жыццём і смерцю
Вопыт у той ці іншай справе вызваляе нас ад неабходнасці дзейнічаць скрупулёзна, выверана і асцярожна. Калі, скажам, на рахунку гаспадыні – з дзве сотні баршчоў, яна ўжо не будзе заглядваць у рэцэпт і ўзважваць капусту на вагах. Яна зробіць усё з заплюшчанымі вачыма. Вопыт нас расслабляе, і не заўжды гэта заканчваецца так жа добра, як у сітуацыі з баршчамі…
Гэта гісторыя ўскалыхнула грамадскасць. Многія і сёння помняць страшную аварыю ля вёскі Язвіна, якая здарылася ў канцы студзеня гэтага года. Тады гаварылі, што маладыя людзі, якія пацярпелі, знаходзяцца літаральна паміж жыццём і смерцю. Сёння, дзякуй богу, ужо зразумела, што з хлопцамі (аднаму – 18, другому – 17 год) усё ў парадку. Але за іх плячыма – страх за сваё жыццё, фізічныя пакуты, сур’ёзныя траўмы, некалькі месяцаў на бальнічных ложках, а наперадзе – доўгае складанае лячэнне. Можна не сумнявацца, што гэта аварыя перавярнула іх жыццё, іх светапогляд, што яна назаўжды застанецца тым момантам у біяграфіі, які дзеліць яе на “да” і “пасля”.
У “Жыгулях”
Валерый М. зусім нядаўна атрымаў вадзіцельскія правы і сеў за руль старэнькага “Жыгулёнка”. У гэты дзень ён пасля вучобы, прыхапіўшы ў Віцебску яшчэ двух хлопцаў-землякоў, адправіўся дадому ў Язвіна.
Успаміны маладога чалавека заканчваюцца момантам, калі, заправіўшы аўтамабіль, хлопцы выехалі на трасу Р-20. Храналогію падзей удалося аднавіць дзякуючы сябру, што сядзеў побач. Ён, дарэчы, амаль не пацярпеў і ў судзе выступаў як сведка.
Надвор’е ў той дзень было “нялётнае”, ішоў моцны снег, да таго ж ужо змяркалася – бачнасць не самая лепшая, дарога слізкая. Малады чалавек ехаў асцярожна, з хуткасцю 60 км/гадз. Калі на шляху з’явіўся МАЗ, па словах відавочцы, вадзіцель ужо нічога не змог зрабіць для таго, каб пазбегнуць аварыі…
У МАЗе
Павел К. у гэты дзень выконваў сваю прывычную работу: на МАЗе з адвалам ачышчаў дарогу ад снегу. Справіўшыся з работай, вадзіцель ехаў у накірунку Віцебска. Спідометр паказваў не больш за 60 км/гадз. Ён дагнаў грузавы аўтамабіль і нейкі час рухаўся следам. Потым, прыняўшы намер абагнаць спадарожную машыну, выехаў на сустрэчную паласу руху для таго, каб пераканацца, што перашкод для абгону няма. Калі ўбачыў сустрэчныя “Жыгулі”, пачаў тармазіць, але не справіўся з кіраваннем, і машыну занесла ўлева. У частку адвалу, якая выступала на паласу сустрэчнага руху, і ўдарыліся “Жыгулі”. Удар быў такі моцны, што МАЗ выкінула на сустрэчную паласу, а “Жыгулі” перакруціла ў адваротны іх руху бок.
Вадзіцель выказаў думку, што менавіта дрэнныя ўмовы надвор’я справакавалі ДТЗ.
У судзе
Дадзеную крымінальную справу ў адкрытым судовым пасяджэнні разглядала старшыня суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіла памочнік пракурора Наталля Гаўрылюк.
Яшчэ да суда Павел К. выплаціў хлопцам кампенсацыю ў 14 мільёнаў рублёў (усе лічбы прыведзены да дэнамінацыі), і прымірэнне бакоў было дасягнута. Аднак ад прыватнага прадпрыемства, дзе працуе вадзіцель, хлопцы патрабавалі кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 120 мільёнаў рублёў аднаму, і 50 мільёнаў – другому.
У выніку Павел судом быў прызнаны “вінаватым у парушэнні Правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, пацягнуўшым па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання”. Мужчыну было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады з адтэрміноўкай пакарання на два гады. У вольны ад работы час яму належыць выканаць грамадска-карысныя работы ў аб’ёме ста гадзін. Мера абмежавання: падпіска аб нявыездзе і належныя паводзіны. Гэта значыць, што калі К. на працягу двух гадоў будзе выконваць адпаведныя патрабаванні, не здзейсніць ніякіх правапарушэнняў, то за кратамі ён не акажацца.
З прадпрыемства, дзе працуе вінаваты ў аварыі, было спагнана кампенсацыі маральнай шкоды 100 мільёнаў на карысць аднаго, і 50 мільёнаў на карысць другога пацярпелага.
І зноў пра вопыт
Дык вось, вадзіцельскі стаж Паўла К. ўжо “пераваліў” за 30 год. Ён ніколі не трапляў раней у ДТЗ, можна меркаваць, быў законапаслухмяным удзельнікам дарожнага руху. Вадзіць аўтамабіль – гэта не проста так, гэта яго прафесія. Як жа тады ён аказаўся на лаўцы падсудных? Напэўна, гэтак жа, як самыя вопытныя камбайнеры “чапляюць” лініі электраперадач, самыя мацёрыя электрыкі лезуць на слупы, не адключаныя ад напружання, самыя вопытныя сталяры застаюцца без пальцаў. І такіх прыкладаў безліч.
Аднойчы атрымаўшы вадзіцельскія правы, варта ўсвядоміць, што дарога расслабленасці і залішняй упэўненасці не даруе нікому – ні маладому, ні вопытнаму. Прадбачыць, што можа здарыцца на, здавалася б, спакойнай дарозе праз некалькі хвілін, немагчыма. А значыць, асцярожным і пільным трэба быць заўжды. Хочацца верыць, што апісаны прыклад уразіць і хаця б некага зберажэ ад бяды.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №58 ад 26.07.2016 г.