Надышоў час ягад і першых грыбоў. Людзі пайшлі ў лясы, каб сабраць і нарыхтаваць на зіму смачныя і карысныя дары прыроды. Аднак у пагоні за “здабычай” многія часта забываюць пра сваю бяспеку, губляюць арыентацыю на мясцовасці і могуць згубіцца наогул. І калі самастойна знайсці дарогу дамоў не ўяўляецца магчымым, даводзіцца прыбягаць да дапамогі выратавальнікаў.
У сувязі з гэтым хочацца нагадаць некаторыя меры перасцярогі, пра якія не варта забываць, калі вы рашылі адправіцца ў лес.
Паведаміце блізкім і знаёмым пра тое, што пойдзеце ў лес, раскажыце ім прыкладны маршрут, час, калі вы плануеце вярнуцца.
Вазьміце з сабой мабільны тэлефон, прасачыце, каб ён быў заражаны, а на рахунку меўся станоўчы баланс.
Апраніцеся адпаведна надвор’ю і прагназуемым умовам. Распаўсюджанай памылкай з’яўляецца камуфляжная форма. Такая экіпіроўка значна ўскладняе пошукі прапаўшых, паколькі яна зліваецца з дрэвамі. Таму лепш апранаць яркае адзенне. Абутак павінен быць максімальна зручным.
Майце пры сабе нож, запалкі і гадзіннік – яны дапамогуць арыентавацца, як па компасе.
У час руху трэба часцей сябе правяраць: запамінаць арыенціры, пакідаць засечкі. Без бачных арыенціраў чалавек у лесе пачынае “кружыць”.
Калі вы заблудзіліся і не можаце выйсці на сувязь, спыніцеся, прысядзьце і падумайце, як вам выбрацца да месца, з якога вы пачалі шлях. Для гэтага ўзгадайце які-небудзь яркі арыенцір на вашым шляху (рэчку, возера, чыгунку) і пастарайцеся ўспомніць дарогу да яго. Самае галоўнае – не панікаваць і не губляць самавалодання!
Адшукаць дарогу да населенага пункта таксама вам дапамогуць гукі: брэх сабак, шум цягніка, машын і іншых транспартных сродкаў, гучныя крыкі і г. д. Да населеных пунктаў у большасці выпадкаў вядуць лясная і прасёлачная дарогі, а таксама сцежкі. Выходзьце “на ваду” – уніз па цячэнні. Ручай выведзе да рэчкі, рэчка – да людзей. Адчулі дым – ідзіце супраць ветру (гэта значыць, да крыніцы дыму). Выбраць патрэбны напрамак дапамогуць некаторыя прыкметы: напрыклад, мурашнікі размяшчаюцца з паўднёвага боку дрэў, мох аддае перавагу паўночнаму боку. Калі няма знаёмых арыенціраў і знайсці іх не ўяўляецца магчымым – залезьце на высокае дрэва. Але гэта варта рабіць толькі ў выключных выпадках, бо залезці на дрэва намнога прасцей, чым спусціцца з яго.
Пра любое здарэнне трэба паведамляць па тэл. 101 ці 112.
Беражыце сябе! І няхай ваш адпачынак будзе бяспечным і прыемным!
Іван МАСКАЛЬКОЎ, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Надрукавана ў №55 ад 15.07.2014 г.