Мікалай Серабро: «Здароўе ўмацуе пазітыўны настрой»

Здоровье Общество

Мікалай Серабро: «Здароўе ўмацуе пазітыўны настрой»
Больш за 40 гадоў работы ў медыцыне акупіліся для Мікалая Паўлавіча Серабро павагай пацыентаў і неаспрэчным аўтарытэтам сярод калег. Яго прафесійныя заслугі падкрэслены дзяржаўнымі ўзнагародамі, у тым ліку медалём “За працоўныя заслугі”. Людзі цэняць доктара за ўменне выслухаць, за гатоўнасць дапамагчы.
У 1975 годзе малады ўрач Мікалай Серабро прыехаў у Обаль. Ва ўчастковай бальніцы яму прапанавалі пасаду дзіцячага ўрача, і ён вельмі хутка палюбіўся маленькім пацыентам, стаў ім сябрам на доўгія гады.
Недзе з 2007 года, пасля рэарганізацыі Обальскай бальніцы, М. П. Серабро працуе ўрачом агульнай практыкі і загадчыкам Мікіціхінскай амбулаторыі. Цікава, што многія ягоныя пацыенты з Обалі і зараз тэлефануюць яму, калі ўзнікае якая праблема са здароўем. І ўрач знаходзіць час пагаварыць, даць кансультацыю. Знайшоў час Мікалай Пятровіч і на размову з прадстаўнікамі раённай прэсы. Літаральна 5 пытанняў і 5 адказаў:
– Што галоўнае ў жыцці?
–  Здароўе. Лад у сям’і. Задавальненне ад работы.
– Як не памыліцца ў выбары прафесіі? Ці доўгім быў ваш шлях да медыцыны?
– Думаю, што кожны чалавек перш за ўсё павінны слухаць сябе. Прыслухоўвацца да парад родных, але слухаць сябе, прымяраць на сябе тую ці іншую прафесію. Мне было лёгка выбраць медыцыну, я зрадніўся з ёй яшчэ калі прыходзіў у маленькую ўчастковую бальнічку да мамы, дзе яна працавала санітаркай. Дарэчы, старэйшы мой брат таксама стаў урачом.
– Чым адрозніваюцца сучасны ўрач і той, за плячыма якога дзясяткі гадоў практыкі?
– Сучасныя спецыялісты больш інфармаваныя, яны “на ты” з навейшымі тэхнічнымі медыцынскімі памочнікамі, але яны менш часу маюць непасрэдна на чалавека. А сталы ўрач пачынае лячыць хваробу з душы пацыента, з вышыні свайго вопыту ён прааналізуе, колькі ў праблеме медыцынскіх сімптомаў і колькі псіхалагічных. Людзям, асабліва пажылым, вельмі важна, каб доктар іх уважліва выслухаў. Такая тэрапія ў  спалучэнні з нават толькі вітамінамі часта дае вельмі добры плён. Трэба разумець, што многія хваробы ў людзей у галаве.
– Мікалай Паўлавіч, як урач, праз чые рукі праходзіць трэцяе пакаленне шумілінцаў, Вы можаце меркаваць, наколькі сучасная медыцына можа супрацьстаяць, напрыклад, генетычным захворванням?
– На маіх вачах медыцына зрабіла вялікія крокі наперад. Самі разумееце, што лячэнне любога захворвання, у тым ліку і генетычнага,  будзе паспяховым, калі ўдасца выявіць хваробу яшчэ ў зародку. Сёння гэтаму спрыяе сучасная дыягностыка, яе магчымасці вельмі высокія. Вось чалавек яшчэ толькі зарадзіўся, расце ў мамы ў жываце, а медыкі ўжо маюць магчымасць даведацца, як ён сябе адчувае, што ў яго баліць.
– Кожны з нас хоча быць здаровым. І тут былі б дарэчы парады ад урача, як захаваць сваё здароўе.
– Парады простыя, і тут ніякай Амерыкі я не адкрыю. Па-першае, здароўе трэба берагчы з дзяцінства. Па-другое, здаровае харчаванне, есці натуральныя прадукты, а не тое, што на прылаўках у бліскучых упакоўках. Па-трэцяе, пастаянныя фізічныя нагрузкі. Па-чацвёртае, здароўю дапаможа любімая работа. Па-пятае, пазітыўны настрой – на людзей, на сябе, на жыццё.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №47 ад 17.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *