Больш зацікаўленасці і адказнасці ў рабоце
У аўторак пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама І. І. Шалахавай прайшло чарговае пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета, куды былі запрошаны адказныя і зацікаўленыя службы. Удзел у рабоце прыняў старшыня раённага выканаўчага камітэта А. І. Снараў.
Усе пытанні, якія былі вынесены на парадак дня, тычыліся рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. У прыватнасці, былі абмеркаваны вынікі прынятых мер пасля правядзення акцыі “Сям’я без насілля”; умовы пражывання і выхавання дзяцей, якія прызнаны трапіўшымі ў сацыяльна небяспечнае становішча, і эфектыўнасць прымаемых Шумілінскай СШ №2 мер па рэабілітацыі непаўналетніх на ранніх этапах сямейнага недабрабыту. Была прааналізавана работа саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Лаўжанскага і Мікалаеўскага сельскіх выканаўчых камітэтаў з нядобранадзейнымі сем’ямі і абавязанымі асобамі. Разгледзелі ролю працоўнага калектыву “Шумілінскага райаграсэрвісу” ў арганізацыі работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы сямейнага недабрабыту, павышэнні працоўнай дысцыпліны бацькоў, схільных да злоўжывання спіртнымі напіткамі, кантролі за работай абавязаных асоб.
Ёсць станоўчая дынаміка ў рабоце па рэалізацыі Дэкрэта, адзначыла Ірына Шалахава. Між іншым, за апошні час удалося знізіць колькасць абавязаных асоб (зараз іх у раёне 86 чалавек), павысіць працэнт вяртання расходаў такіх асоб на ўтрыманне дзяржавай іх дзяцей з 25% да 40%. Тым не менш, нявырашаных пытанняў застаецца яшчэ многа. Больш зацікаўленасці і адказнасці, больш аператыўнасці і канкрэтных спраў у рабоце па Дэкрэце №18 патрабавала кіраўніцтва раёна ад усіх службаў.
Па ўсіх абмеркаваных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №45 ад 10.06.2016 г.
Координационный совет — и вновь разговор о Декрете №18
