Крочыць у свет з аптымізмам
Не ўсе настаўнікі верылі ў тое, што новы рэспубліканскі праект, у які “ўвязалася” Обальская школа, акажацца карысным, прынясе вынікі. Але сёння, калі двухгадовая работа над праектам падыходзіць да завяршэння, плён яго відавочны ўсім.
З 2014 года ў Обальскай школе рэалізуецца рэспубліканскі праект “Фарміраванне аптымістычнага тыпу светаўспрымання ў дзяцей на праваслаўных традыцыях беларускага народа”. У нашай вобласці толькі яны ды яшчэ адзін віцебскі садок працуюць у гэтым накірунку. Ня-гледзячы на тое, што праект быў разлічаны на вучняў пачатковай школы, пакрысе ў яго ўцягнуліся старэйшыя дзеці, бацькі, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, расказала намеснік дырэктара і каардынатар праекта Таццяна Карташова.
Увесь гэты час у вучняў малодшых класаў раз на тыдзень праходзілі спецыяльныя заняткі, ладзіліся разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы. “І я лічу, што мы дабіліся вынікаў: узровень выхаванасці ў дзяцей павысіўся, яны ўжо разумеюць такія катэгорыі, як дабро і зло, ведаюць, як трэба сябе паводзіць, каб нікога не пакрыўдзіць. Наладжаны цесныя сувязі з настаяцелем храма Ануфрыя Вялікага Уладзімірам Пучынскім, які ахвотна адгукаецца на запрашэнні, удзельнічае ў мерапрыемствах”. Дзеці ладзяць прадстаўленні перад прыхаджанамі мясцовай царквы і ў школе. Яны ўжо ведаюць, як паводзіць сабе ў царкве, хто такі свяшчэннік, што такое, скажам, іконы, знаёмяцца з жыццямі святых.
Удзел у такім праекце надзвычай прэстыжны, адзначыла Таццяна Іосіфаўна: “Мы ездзім, дзелімся вопытам па ўсёй рэспубліцы. Нядаўна дзве нашы настаўніцы, І. І. Кузьміна і Л. П. Сцяняхіна, пабывалі ў Гродне, я – у Мінску і Лідзе. Мы маем магчымасць узаемін з іншымі школамі. Праз некаторы час, спадзяюся, запросім гасцей і да сябе”.
Таксама Т. І. Карташова расказала, што ім прапанавалі паўдзельнічаць у яшчэ адным духоўным праекце. Ёсць спадзяванне, што праваслаўныя маральныя каштоўнасці стануць для дзяцей натуральнай нормай жыцця, яны змогуць будаваць узаеміны з іншымі людзьмі на прынцыпах любові, сумленнасці, адказнасці, а пазітыўнае стаўленне да навакольнага свету, адказнасць за свае ўчынкі сфарміруюць цэласную, моцную духоўна асобу. Калі ўсё гэта атрымаецца, обальскія педагогі будуць шчаслівыя.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Фота з сайта https://obol.schools.by/
Надрукавана ў №38 ад 17.05.2016 г.