Цветы Великой Победы: в Шумилино и Слободе посадили яблоневые сады

Актуалии Общество

І зацвітуць яблыневыя сады

Акцыя “Кветкі Вялікай Перамогі”, распачатая ў мінулым годзе актывістамі БРСМ, знайшла працяг і сёлета. У сераду 27 красавіка яблыневыя сады саджалі каля Шумілінскай СШ №2 і Слабадской школы. Кіраўніцтва раёна, дзеці, бацькі, настаўнікі ўзялі ў рукі рыдлёўкі, каб стаць удзельнікамі рэспубліканскага патрыятычнага праекта.
Добрай справе і надвор’е спрыяе, зазначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Снараў, беручыся за рыдлёўку. Аляксандр Іванавіч завітаў у СШ №2, садзіць яблыні яму дапамагалі выпускніцы школы Яна Герасімава і Аліна Загвоздава, а таксама першакласнік Андрэй Канстанцінаў. Магчыма, гэта першае дрэва, пасаджанае хлопчыкам. Маладое кволае дрэўца называецца “ліберці”, што ў перакладзе азначае “свабода”. Яго не выбіралі спецыяльна, так трапілася. Але той факт, што яблыньку саджаюць непадалёк ад памятнага знака лётчыку Анатолю Дубасарскаму, які загінуў за свабоду нашага Шуміліна, нельга не назваць сімвалічным.
Старшыня райвыканкама прызывае дзяцей садзіць дрэвы і на сваіх падворках, упрыгожваць свой край.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Шыцько жадае, каб Шуміліна было падобна на квітнеючы сад.
Дваццаць маладзенькіх яблынь нясмела шапацяць трапяткімі лісточкамі, абжываючы школьную тэрыторыю. Праз тры-чатыры гады яны падораць бела-ружовыя кветкі – кветкі Вялікай Перамогі, а потым пачастуюць дзяцей першымі яблыкамі.
*     *     *
Пасадзіць яблыневы сад – гэта сапраўдная падзея як для кожнага асобнага чалавека, так і для біяграфіі цэлага раёна. Кожную вясну, узарваўшыся радаснай белай квеценню, ён будзе ўлівацца ў агульны яскравы феерверк у гонар Вялікай Перамогі. Як сімвал міру, як сімвал будучага, як сімвал жыцця.
Тое, што сад закладваецца менавіта ў аграгарадку Слабада – невыпадкова, заўважыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, выступаючы на святочным мітынгу. Сіроцінская зямля найбольш пацярпела ў гады вайны. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца два буйнейшыя пахаванні – у Дворышчы і Тропіне. Ірына Мікалаеўна падзякавала школьнікам за тое, што яны даглядаюць брацкія могілкі.
Пасадзіць па дрэўцу выпала кожнаму класу – ад 1 да 10. А шасцёра адзінаццацікласнікаў пасадзілі 6 яблынек – кожны сваю. Магчымасці паўдзельнічаць у закладцы сада шчыра радаваліся і госці, сярод якіх былі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова, дырэктар раённай гімназіі Л. У. Маладзечкіна з двума лепшымі гімназістамі і іншыя. Якіх 15 хвілін – і ля школы з’явіўся сад, пакуль кволы, нясмелы. Але дрэўцы абавязкова ўкараняцца, прыжывуцца – дзеці будуць пільна сачыць за гэтым.
Першыя ў сучаснай гісторыі раёна яблыневыя сады закладзены. Гэта важна, надзвычай сімвалічна. Гэты дзень, безумоўна застанецца ў гісторыі школ, якім выпаў гонар мець на сваім участку сады будучага, і ў гісторыі раёна наогул. Варта адзначыць, што пасаджаны яблынькі сучасных гатункаў, якія абяцаюць прыносіць шмат смачных сакавітых пладоў.
Падтрымалі акцыю Шумілінская ПМК-70 і ўсе ўстановы адукацыі раёна, якія набылі саджанцы яблынь.
Аліна ПЯТРОВА.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 29.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *