Шумілінскі народны тэатр парадаваў прэм’ерай спектакля “Гуляем у дружную сям’ю”

Актуалии

Пасля прэм’еры  “Гуляем у дружную сям’ю”
У чацвер, 14 красавіка, у рамках абласнога агляду-конкурсу “Тэатральная вясна – 2016” на сцэне Шумілінскага РЦК прайшла прэм’ера спектакля “Гуляем у дружную сям’ю, ці Гарнір па-французску” па п’есе Марка Камалеці ў пастаноўцы Шумілінскага народнага тэатра.
Сям’я, каханне, інтрыгі, адзюльтэр – скажыце, ці ёсць больш удзячная тэма для камедыі? Нават той, хто ніяк не дапускае такога ў жыцці (ці толькі робіць выгляд), абавязкова пасмяецца з герояў, якія трапляюць у пікантныя сітуацыі, дзякуючы свайму нястрымнаму тэмпераменту і празе да новых адчуванняў. Можна выкручвацца, выпісваць мудрагелістыя кульбіты, спадзеючыся на сваю бурную фантазію і моцную памяць, можна давесці сітуацыю да абсурду, але рана ці позна жыццё абавязкова расставіць усё па сваіх вуглах і ўдосталь пасмяецца з герояў. Падманшчык, інтрыган несумненна выступіць у ролі клоўна. А калі ён не адзін, а іх некалькі, а калі наогул не зразумела хто, каму і з кім здраджвае?…
Героі гэтай гісторыі самі зрабілі ўсё для таго, каб загнаць сябе ў патавую сітуацыю. Жонка збіраецца правесці выхадныя з маці, муж, які ўсё разумее і вельмі любіць і жонку, і яе маці, “адпускае” каханую. Праўда, сам ні на хвіліну не збіраецца быць у гэты час адзін: мадэль і актрыса Сюзанна ўжо “на пад’ездзе”. Жонка пачынае падазраваць  свайго “вернага”, і яму нічога не застаецца, як уплесці ў сваю “гісторыю” даўняга сябра Роберта. А сябра – не проста сябра, а па сумяшчальніцтву яшчэ і каханак Жаклін – законнай жонкі Бернарда – гаспадара дома, у якім і разгарнулася гэтая гісторыя. Вядома, што ў Жаклін, якая не хоча размінуцца з Робертам, маці нечакана “злегла з грыпам”, і ехаць да яе няма ніякай магчымасці. Але ж, нягледзячы на тое, што планы жонкі рэзка змяніліся, адмяняць спатканне з Сюзанай у Бернарда няма ніякага жадання, тым больш што яна святкуе дзень нараджэння. Да таго ж прыязджае і запрошаная на вечар кухарка, у абавязкі якой уваходзіла ўсяго толькі прыгатаваць вячэру, але ёй прыйшлося іграць зусім іншую ролю, нават і не адну. Так сходу і не разбярэшся – заблыталіся і самі героі. І толькі кемлівая кухарка ў канцы расставіла ўсе кропкі над “і”.
Рэжысёрам Таццянай Багданавай, на мой погляд, удала былі размеркаваны ролі паміж артыстамі. Спакойнага і самаўпэўненага мужа, нахабства якога хапіла не толькі прыцягнуць каханку ў дом, але і прымусіць яе ўвесь вечар іграць ролю кухаркі, сыграў Яўген Усцюгоў. У супрацьвагу яму – няскладны і баязлівы Роберт, усю камічнасць фігуры якога пастараўся перадаць Аляксандр Карнілаў. Разважлівая, стрыманая, вытанчаная Жаклін (Святлана Дземідзенка), як аказалася, не такая ўжо і ідэальная. І ёй ёсць што абмеркаваць з Сюзаннай – Ірынай Салаўёвай – каханкай свайго мужа. Каларытны вобраз Сюзэты – кухаркі – узяла на сябе Ларыса Дземідовіч і была вельмі пераканаўчай у гэтым. Нядоўгім, але эфектным, аказаўся выхад Юрыя Раманава, які іграў раўніўца – мужа кухаркі Сюзэты.
Спектакль – гэта яшчэ і работа касцюмера Таццяны Янчанкі, гукарэжысёра Юрыя Раманава. Гэта падрыхтоўка дэкарацый, гэта спадзяванне, што глядач ацэніць вынік працяглых рэпетыцый бурнымі апладысментамі. І тыя, хто не прапусціў прэм’еру, стараліся хлопаць з такой сілай, каб артыстам падалося, што перад імі поўная глядацкая зала.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №31 ад 19.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *