В Шумилино прошла отчётно-выборная конференция районной ветеранской организации

Актуалии Общество

Важна заставацца маладым душой

Выставка работ шумилинских ветеранов

Адбылася VІІІ справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай ветэранскай арганізацыі. З дакладам аб зробленай рабоце за справаздачны перыяд выступіла старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава. “Наша задача, — адзначыла Кацярына Фамінічна, — аблегчыць чалавеку старасць, каб не адчуваў ён сябе сацыяльна абдзеленым…”.
А “гвардыя” такіх у раёне немалая — больш за 5 тысяч чалавек. Праўда, у ветэранскай арганізацыі далёка не ўсе, таму ў бліжэйшай перспектыве работы савета — папаўненне радоў. А што ў пярвічках жывуць цікавым і насычаным жыццём, сведчаць і паездкі ва Ушачы і Полацк, на радзіму В. Быкава, і па іншых славутых мясцінах. На месцах ветэраны актыўна бяруць удзел у правядзенні святаў вуліц і вёсак, праводзяць шанаванне заслужаных людзей. Праўда, ёсць і цяжкасці. Найперш, па словах К. Ф. Палоўнікавай, бедныя фінансавыя магчымасці, а задумак шмат, таксама пажадана пашырыць комплекс паслуг для ветэранаў на даму.
“Ветэран — гэта выхавальнік, — мяркуе старшыня пярвічкі з Мішневіч Ф. П. Юркевіч. — Адсюль і яго прызначэнне: вучыць моладзь жыццю, патрыятызму. Але не ментарскім тонам, а далікатна і настойліва”.
Дзякавала за актыўную жыццёвую пазіцыю ветэранаў намеснік дырэктара ААТ “Прыазёрны мір” Н. М. Юхнавец. На тэрыторыі гаспадаркі пражывае 175 ветэранаў, і з 90 кароў, што на асабістых сядзібах, больш за палову трымаюць сем’і ветэранаў. Гэта добры прыклад для маладых.
Летапіс школы пішуць у СШ № 2 Шуміліна, сказала ў выступленні дэлегат Н. П. Пальвінская, і слова аб ветэранах у ім будзе самым важкім. Шмат увагі надаецца ў школе цімураўскай рабоце.
Насычанае і змястоўнае жыццё ў народным клубе “Ветэран” пры Шумілінскім ГДК. Яго старшыня Г. М. Аляксеева не шкадавала эпітэтаў, каб паказаць, як тут жывецца: у клубе займаюцца вышываннем і вязаннем, народнай творчасцю, вядуць здаровы лад жыцця, у клубе шмат заўзятых агароднікаў, збіраюцца ветэраны скарыць такую вышыню, як харэаграфія. Вядома, у межах разумнага.
Аб тым, што зроблена, каб жылося ветэрану больш цікава, і аб тым, што яго хвалюе, на канферэнцыі выступілі ад Цэнтра сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва А. М. Бабічава, ад РК ГА БРСМ — першы сакратар Юлія Галуза, старшыня ветэранскай пярвічнай арганізацыі аддзела адукацыі Л. Ф. Мурашка, ветэран вайны А. Н. Пігулеўская.
У рабоце канферэнцыі прымалі актыўны ўдзел і выступілі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў і намеснік старшыні абласной ветэранскай арганізацыі У. А. Цацоха. Асноўная думка іх выступленняў: ветэран не павінен звяртаць увагу на свае гады, важна заставацца маладым душой, актыўным чалавекам, нераўнадушным да лёсу сваёй радзімы.
Напрыканцы форуму актыўныя члены ветэранскай арганізацыі атрымалі граматы і ўдзячныя лісты  з рук У. А. Цацохі і К. Ф. Палоўнікавай.
На новы справаздачны перыяд старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі зноў абрана К. Ф. Палоўнікава.
Надрукавана ў №21 ад 22.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *