Как в Шумилино зиму провожали и весну встречали

Актуалии Культура Общество

Хто блін не з’еў, той вясну не сустрэў

Масленіца – адно з нямногіх старажытных святаў, якое захавала папулярнасць і шырока адзначаецца ў нашы дні. Масленічныя святкаванні пачынаюцца за тыдзень да  вялікага посту. У народзе Масленіца спрадвечна лічылася самым сытным святам.
У гэты дзень адбываецца  гарэзлівае і вясёлае развітанне з зімой і сустрэча вясны, якая нясе ажыўленне прыроды і сонечнае цяпло. Спрадвеку вясна – гэтага пачатак новага жыцця.  У нядзелю 13 сакавіка ў райцэнтры прайшлі народныя гулянні “Масленіца”.
Багата на свяце было галоўнага атрыбуту масленічнага тыдня – бліноў. Са смятанай і тварагом, з мёдам і варэннем, смажанінай і грыбамі прапаноўвалі  і райспажыўтаварыства, і выязны гандаль гандлёвага цэнтра “Метан”,  і клуб беларускай народнай кухні “Разынка”. Ласаваліся блінамі і малыя, і дарослыя.
Народнымі песнямі, танцамі, гульнямі і забавамі сустракалі вясну шумілінцы. Не абышлося на Масленіцы і без “цешчыных пасядзелак”: прыйшлося пастарацца “зяцям”, каб задобрыць “цешчу”. Безумоўна, такія  конкурсы-жарты яшчэ больш уздымалі настрой тых, хто прыйшоў у гарадскі парк.
Не засумавалі і тыя, хто прыйшоў на гарадскі стадыён. ФСК “Здароўе” ладзіла тут спартыўныя масленічныя спаборніцтвы і забавы. Гонар сваіх прадпрыемстваў абаранялі спартсмены з лясгасу, камунгасу, райгазу, ПМК-70 і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У гіравым спорце перамаглі Іван Маскалькоў (РАНС) і Уладзімір Бандарэнка (УП ЖКГ), у армрэслінгу – Рыгор Жук (РАНС), у перацягванні каната – каманда з камунгасу. А вось масленічны слуп на гэты раз скарыўся толькі аднаму чалавеку – Уладзіславу Салабуту з РАНС.
Ярка ўспыхнула пудзіла зімы. Бывай, зіма! Прывітанне, доўгачаканая вясна!
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №21 ад 15.03.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *