Штодзень у дзяжурную часць райаддзела ўнутраных спраў паступае ў сярэднім каля двух дзесяткаў выклікаў. Крадзяжы, хуліганствы, п’янкі, дэбашырства… На гэты раз мы выехалі разам са старшым участковым інспектарам РАУС Алегам Куценкам на выклік у Амбросавічы.
У сям’і – чарговая сямейная сварка. Жанчына ў роспачы папрасіла ратунку ў міліцыянераў – невыносна цярпець п’яныя выхадкі мужа.
Калі супрацоўнікі РАУС прыехалі да ўжо знаёмага дома, засталі толькі заплаканую жонку. Гаспадар збег. Смелы быў толькі з жонкай. А калі справа дайшла адказаць за свае ўчынкі – уцёк…
“Муж п’е гадоў восем, – расказала міліцыянерам пацярпеўшая. –Кожны раз пасля п’янкі кідаецца ў бойку. Баюся за сваё жыццё, мне яшчэ дзяцей на ногі паставіць трэба”.
У працэсе размовы дазналіся, што мужчына ўжывае спіртное не кожны дзень, а запоямі. У асноўным пасля зарплаты ці авансу. Калі грошы заканчваюцца – зацішша. Чалавек прыціхае, займаецца дамашнімі справамі, дапамагае па гаспадарцы.
“Але гэта толькі да наступнага заробку, – удакладняе гаспадыня. – Як толькі атрымае грошы – зноў п’янкі, дэбошы… Вось спраўлюся па гаспадарцы і пайду начаваць да суседзяў, пакуль муж п’яны – чакай ад яго чаго хочаш. Не ведаю, колькі яшчэ буду мыкацца па чужых хатах…”.
Ад пацярпелай была ўзята заява з просьбай абмежаваць дзеяздольнасць мужа. Гэта значыць, атрымліваць ягоны заробак, здзяйсняць розныя здзелкі куплі-продажу, падпісваць юрыдычныя дакументы будзе мець права толькі жонка. Зразумела, калі адпаведнае рашэнне прыме суд. Але ці палепшыць гэта сямейны мікраклімат?
Насилие в семье: смелый только с женой
