Выхаваць чалавека, выхаваць воіна
Вавінам в’ет во дао ў Беларусі развіваецца з 1992 года, асаблівым штуршком для развіцця гэтага ўсходняга адзінаборства стаў 1998 год, калі была створана “Беларуская федэрацыя вавінам в’ет во дао”. “Сёння вавінам в’ет во дао ў Беларусі займаецца больш за тысячу спартсменаў, усяго праз гэты від спорту прайшло больш за пяць тысяч, – расказвае старшыня ГА “Беларуская федэрацыя вавінам в’ет во дао” Сяргей Шарэнда. – Беларускія спартсмены гучна заявілі пра сябе на сусветных і еўрапейскіх стартах, яны пастаянна займаюць прызавыя месцы як ў тэхніцы, так і ў паядынках. Адзінаццаць чалавек выканалі нарматыў майстра спорту”.
Сяргей Шарэнда адзначыў, што ў нашай краіне найбольш папулярная гэтая барацьба ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, а што тычыцца Прыдзвіння, то тут лідзіруючыя пазіцыі ў Віцебска, Шуміліна, Оршы, Гарадка і Полацка. Вавінам в’ет во дао ў нашым раёне развіваецца дзякуючы трэнеру Святлане Бараноўскай.
У нядзелю ў Шуміліне ўпершыню прайшоў рэспубліканскі турнір па вавінам в’ет во дао, які гасцінна прыняў раённы цэнтр дзяцей і моладзі. На спаборніцтвы сабралася звыш ста ўдзельнікаў з Віцебскай (у тым ліку і шумілінская каманда) і Мінскай абласцей, Магілёва і Гомеля.
Старшыня ГА “Беларуская федэрацыя вавінам в’ет во дао” Сяргей Шарэнда ўручыў падзякі федэрацыі за папулярызацыю і падтрымку вавінам в’ет во дао раённаму цэнтру дзяцей і моладзі (дырэктар Р. А. Туманава), аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (начальнік В. В. Мянькова) і рэдакцыі газеты “Герой працы” (галоўны рэдактар С. П. Ермалаеў).
Адкрылі турнір выставачныя паядынкі. У першай сустрэчы юнаму спартсмену з Шуміліна Ягору Васільеву супрацьстаяў магіляўчанін, наш зямляк якасна правёў паядынак і пераканаўча выйграў. А вось Антону Малахаву ў паядынку супраць віцебскага спартсмена крыху не хапіла падрыхтоўкі. Упрыгожаннем турніру стаў паядынак сярод дарослых спартсменаў, афіша гэтай сустрэчы вельмі гучная: чэмпіён Беларусі Віталь Юркевіч (Браслаў) супраць уладальніка кубка Беларусі Сяргея Сапежкі (Віцебск). Каскад разнастайных прыёмаў, дакладныя ўдары, шыкоўныя камбінацыі. Гэту сустрэчу выйграў чэмпіён Беларусі.
Цікавыя праграмы паказалі ўдзельнікі падчас імправізаваных выступленняў: абарона, нападзенне, скачок – кожная каманда павінна была прадэманстраваць пяць прыёмаў за вызначаны час, прычым зрабіць гэта артыстычна. Перамаглі ў гэтай намінацыі дарослыя спартсмены. Годна глядзеліся юныя шумілінскія спартсмены – выхаванцы Святланы Бараноўскай заваявалі другое месца.
Асноўная праграма турніру – тэхніка. Адкрывалі спаборніцтвы самыя юныя ўдзельнікі – шасцігадовыя спартсмены. “Тэхнічныя выступленні вельмі важны для спартсменаў, – дзеліцца Святлана Бараноўская. – Каб удала выступіць, трэба сур’ёзна трэніравацца. Парадавалі нашы малышы, для якіх турнір стаў першым выпрабаваннем. Ну а з больш старэйшых хочацца выдзеліць Яўгена Цімошчанку, Яўгена Шабліна, Максіма Васільева і Вольгу Кляшчонак, якія на турніры пацвердзілі сваё майстэрства”.
Багата авацый гледачоў сабралі выступленні дарослых спартсменаў. Пра ўзровень спаборніцтваў сведчыць тое, што ў іх бралі ўдзел прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы, майстры спорту Кацярына Сысоева (Магілёў), Дзмітрый Кукушкін і Аляксандр Масько (абодва з Віцебска). Былі прапанаваны выступленні з мячом, двайнымі нажамі, алябардай, кап’ём і веерам.
“Адназначна, турнір у Шуміліне ўдаўся. Усё на вельмі годным узроўні, – падсумаваў Сяргей Шарэнда. – Федэрацыя імкнецца пашыраць геаграфію правядзення турніраў. Пасля такога прыёму з упэўненасцю можна сказаць, што ў Шуміліне будуць праходзіць абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы па вавінам в’ет во дао”.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2016 г.