Міні-футбол
ФК “Шуміліна” працягвае ўдалае выступленне ў Альтэрнатыўнай лізе Віцебска па міні-футболе. У двух апошніх турах нашы футбалісты набралі чатыры ачкі. З лікам 6:0 (па два галы забілі Аляксандр Буланаў і Андрэй Мазанкоў, па аднаму – Яўген Салаўёў і Аляксандр Ходзюш) перамаглі віцебскую каманды “БТК”.
У матчы ФК “Шуміліна” – “Хмель” (Віцебск), які прайшоў у мінулыя выхадныя, вырашаўся лёс другога месца ў турніры. У сярэдзіне першага тайма з перадачы Аляксандра Архіпава гол забіў Аляксандр Янкевіч. Праўда, утрымаць пераможны лік шумілінцы не змаглі: на апошніх хвілінах матча віцябляне зраўнялі лік.
ФК “Шуміліна”, каб заваяваць другое месца ў турніры і стаць недасягальнымі для канкурэнтаў, дастаткова ў дзвюх апошніх сустрэчах “узяць” хаця б адно ачко.
Шахматы
У Віцебску прайшоў абласны турнір па шахматах для работнікаў і ветэранаў дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў. Зборная нашага раёна, гонар якога абаранялі Уладзімір Грыбаў, Мікалай Радайкін і Уладзімір Зелянкоў, заваявала другое каманднае месца.
У асабістым заліку лепшы вынік паказаў Уладзімір Грыбаў, які стаў чацвёртым на першай дошцы. Мікалай Радайкін атрымаў прыз, як адзін з самых старэйшых шахматыстаў турніру.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2016 г.