На рабочем совещании в Шумилинском райисполкоме: поставить технику на линейку готовности к 1 марта

Актуалии Президент Экономика

“Лінейка  гатоўнасці” – 1  сакавіка

Рабочая нарада, якую ўчора праводзіў старшыня райвыканкама, прайшла ў пашыраным складзе. Акрамя начальнікаў упраўленняў і аддзелаў райвыканкама, раённых службаў на нараду былі запрошаны кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра.
Вясна набліжаецца, а з ёй паўстаюць традыцыйныя пытанні добраўпарадкавання вытворчых і замацаваных тэрыторый, вуліц населеных пунктаў раёна. “Да пачатку рабочага дня неабходна зімой расчышчаць ад снегу, у цёплы перыяд – падмятаць тратуары, падыходы да адміністрацыйных будынкаў. Трэба ўжо зараз паклапаціцца пра расаду для кветнікаў, высечку кустоўя, устаноўку ці рамонт, афарбоўку агароджы”, – запатрабаваў кіраўнік раёна.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава і намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў узнялі пытанне гандлёвага абслугоўвання насельніцтва раёна. Павялічылася колькасць зваротаў у райвыканкам, у тым ліку калектыўных, якія ўтрымліваюць скаргі на асартымент, закрыццё гандлёвых аб’ектаў райспажыўтаварыствам. Пытанне няпростае, гандаль таксама працуе ў складаных умовах, але гэтая сфера мае важнае сацыяльнае значэнне, таму неабходна працаваць так, каб задавальняць попыт насельніцтва і не пагаршаць умовы абслугоўвання людзей – менавіта такая выснова гучала ў ходзе абмеркавання пытання.
Асноўны час быў прысвечаны пытанням сельскагаспадарчай вытворчасці. Нягледзячы на патрабаванне старшыні аблвыканкама і кіраўніка раёна аб пастаноўцы ўсёй тэхнікі “пад лінейку” на мехдварах (у якасці прыкладу прыводзіліся ДРБУ-204, ПМК-70, УП ЖКГ), гэтая работа ледзь зварухнулася з месца. Дагэтуль большасць трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі стаіць па дварах механізатараў у “Лаўжанскім”, “АграБаравінцы”, “Мішневічах”. Праверкі высвятляюць, што тэхніка не рыхтавалася да зімовага захоўвання, інжынерныя службы не ведаюць пра стан агрэгатаў, адпаведна нізкімі тэмпамі вядзецца рамонт. У мехдварах не створаны ўмовы для работы і адпачынку механізатараў. А 1 сакавіка ўся тэхніка, неабходная для веснавой сяўбы, павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці. Дарэчы, сёлета на 1000 гектараў больш трэба будзе пасеяць яравых зерневых культур, каб забяспечыць жывёлагадоўлю ўласным фуражом і мець рэзерв для рэалізацыі, які дапаможа закрываць расходы па зарплаце ці іншых патрэбах. Для атрымання якаснага корму неабходна пашыраць пасевы бабовых культур, весці падсеў шматгадовых траў ужо цяпер.
Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, раённых службаў, замацаваныя за гаспадаркамі раёна, трымалі справаздачу аб рабоце на фермах па навядзенні парадку, пакрыцці жывёлы, арганізацыі прагулак кароў і цёлак, захаванні маладняку і іншых. Калі ў суседнім Бешанковіцкім раёне надой на карову складае 13,22 кг, у Віцебскім – 12,8 кг, больш за 13 кг надойваюць у Аршанскім і Верхнядзвінскім раёнах, прывёў прыклады А. І. Снараў, то і пытанне зарплаты, паліва, запчастак у гэтых раёнах рашаюцца прасцей. Шумілінскія 6,36 кг на гэтым фоне выглядаюць слабавата, адсюль і праблемы з фінансаваннем. Пэўныя зрухі ў вытворчасці малака ёсць, але яшчэ не ўсюды павярнуліся да патрабаванняў тэхналогіі, таму  і вынікі сціплыя.
На нарадзе таксама былі разгледжаны пытанні паступлення падаткаў у бюджэт, фінансавання асобных праектаў і іншыя праблемы жыццядзейнасці раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №15 ад 23.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *