Умовы лоўлі рыбы пры заморах
Сёння на некаторых вадаёмах Гарадоцкага, Шумілінскага раёнаў назіраецца пагаршэнне умоў зімоўкі рыбы. Гэта звязана са значнай тоўшчай лёду, снежным покрывам, рэзкім змяненнем сярэднясутачнай тэмпературы. У выніку на асобных водных аб’ектах адзначаюцца перадзаморныя з’явы.
Згодна з патрабаваннямі п. 108 Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства ў выпадку ўзнікнення ў рыбалоўных угоддзях перадзаморных або заморных з’яў, якія пацверджаны дадзенымі гідрахімічных даследаванняў, праведзеных атэставанымі лабараторыямі, парадак і ўмовы лоўлі рыбы вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і са структурнымі падраздзяленнямі Дзяржаўнай інспекцыі.
Такім чынам, раённы выканаўчы камітэт мае права па ўзгадненні з указанымі арганізацыямі вызначаць парадак і ўмовы лоўлі рыбы для канкрэтнага воднага аб’екта на перыяд узнікнення на ім заморных з’яў.
Рыбаловам-аматарам дазваляецца выкарыстоўваць толькі прылады аматарскага рыбалоўства, дазволеныя Правіламі (вудачкі, жэрліцы, сачкі дыяметрам не больш 0,5 м з памерам ячэі меншай 10 мм, пад’емныя сеткі памерам не больш 1х1 метр і памерам ячэі меншай 10 мм, толькі для лоўлі рыбы ў якасці прынады для лоўлі іншых відаў рыбы, бусакі з шырынёй крука не больш 9 см і сачкі для пад’ёму з вады рыбы, вылаўленай дазволенымі прыладамі рыбалоўства).
Лоўля рыбы ў рыбалоўных угоддзях, на якіх зафіксавана перадзаморная (заморная) сітуацыя, ажыццяўляецца пад кантролем структурных падраздзяленняў Дзяржаўнай інспекцыі.
Паважаныя грамадзяне! У выпадку выяўлення парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства просім паведаміць на тэлефон “гарачай лініі” Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету па нумары 8(02139)4-02-10.
Васіль НОВІКАЎ, начальнік Гарадоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2016 г.
Когда рыба задыхается подо льдом
