Мастер-класс по изготовлению новогодних сувениров предлагает специалист Шумилинского Дома ремёсел Евгения Шарипова.

Актуалии Культура Общество

У яе руках  і шматкі ажываюць
Малады спецыяліст Дома рамёстваў, метадыст па традыцыйнай шматковай тэхніцы Яўгенія Шарыпава са звычайнай паперы ці тканіны робіць сапраўдныя цуды. Гаворка не толькі пра сувенірныя вырабы, але і пра  аўтарскія лялькі, а таксама пра дываны, якія дзяўчына робіць з невялікіх кавалачкаў тканіны. “Яўгенія аднаўляе традыцыі нашага раёна, на тэрыторыі якога даўней рабілі дываны са шматкоў, – кажа дырэктар Дома рамёстваў А. В. Сяргеева. – Дзяўчына пабывала на курсах павышэння кваліфікацыі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, вярнулася адтуль натхнёная, а неўзабаве з’явілася на свет некалькі карцін з абрэзкаў тканіны”.
Дарэчы, у гэтым годзе Яўгенія Шарыпава ўпершыню прымала ўдзел у абласным свяце-конкурсе шматковай тэхнікі “Здраўнёўская палітра”. Свята вельмі спадабалася. Яўгеніі за яе арыгінальныя і ўнікальныя
вырабы быў уручаны прыз сімпатый гледачоў. Высока ацаніла вырабы маладога метадыста з Шуміліна вядучы спецыяліст абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Л. У. Вакар, адзначыла А. В. Сяргеева.
“Захапленне шматковай тэхнікай прыйшло да мяне спантанна, – усміхаецца Яўгенія Шарыпава. – Сядзіш, фантазіруеш, і нечакана для сябе кавалачкі тканіны ажываюць, усміхаюцца, атрымліваюць новае жыццё. Мне падабаецца мая работа, падабаецца думаць і майстраваць”.
Напярэдадні навагодніх святаў мы папрасілі Яўгенію расказаць чытачам нашай газеты, як можна сваімі рукамі зрабіць навагодні сувенір.
Дзед Мароз
“Для вырабу сувеніра “Дзед Мароз” спатрэбіцца шчыльны кардон, з якога трэба выразаць і склеіць конус, – кажа Яўгенія Шарыпава. – Унізе конус трэба ў некалькіх месцах надрэзаць, надрэзы загнуць і прыклеіць кардоннае донца. Потым любой аднатоннай тканінай трэба абшыць конус, знізу ўпрыгожыць тасьмой. З белага доўгага меха выразаем трохвугольнік для барады і прыклейваем Дзеду Марозу. З капрону, які напаўняем сінтэпонам, робім нос, а над ім прыклейваем вусы з меха. Затым шыем доўгі чырвоны каўпак, які знізу упрыгожваем тасьмой. Прыклейваем каўпак так, каб ён крышку прыкрываў мех. На канец каўпака прышываем бубон з меха. На каўпаку робім зборкі – каб было прыгожа. Вочкі нашаму казачнаму герою выразаем з чорнай скуры і прыклейваем крыху вышэй за нос. Пасярэдзіне вочак карэктарам малюем белыя кропкі – і вочы ажываюць, здаецца, што Дзед Мароз усміхаецца”.
Анёл
“Бяром кавалак белай ці блакітнай тканіны 25 на 25 сантыметраў, з краёў іголкай выцягваем ніткі, каб атрымаліся махры. Ад краю тканіны адступаем па 1 см і прышываем тасьму. Пераварочваем тканіну на адваротны бок, пасярэдзіне кладзём невялікі кавалачак сінтэпона , фарміруем галаву анёла і перавязваем яе тасьмой. Потым фарміруем тулава і перавязваем знізу тасьмой. Выразаем квадрат арганзы (15 на 15 см), пасярэдзіне робім зборку, каб атрымаліся крылы, і прышываем  іх да спіны анёла. Пад іх можна прышыць пятлю – сувенір будзе зручна падвешаць. Распускаем белы сінтэтычны шнурок і прыклейваем  да галавы анёла кучаравыя валасы. Галаву (там, дзе лоб) упрыгожваем каляровай тасьмой. Анёл атрымліваецца прыгожым.”
Калядны вянок
“З любога дроту фарміруем круг, – расказвае Яўгенія Шарыпава. – Потым абмотваем яго газетамі, а зверху – любымі ніткамі, можна нават льнянымі. Вянок у некалькіх месцах упрыгожваем стужкамі або тасьмой, прымацоўваем некалькі яловых лапак і шышак. Калядны вянок гатовы”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №98 ад 15.12.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *