ДАІ, пашпартны стол і судовыя выканаўцы пераехалі
На мінулым тыдні ў будынак былога ваенкамата (д. № 3 па вуліцы Вакзальнай) засяляліся работнікі дзяржаўтаінспекцыі, групы па грамадзянству і міграцыі РАУС, а таксама аддзел прымусовага выканання.
Прычым, апошнія сваё наваселле адзначалі святочна і ўрачыста. На свята, якое падрыхтавалі і правялі работнікі раённага Цэнтра культуры, завітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, прыехалі начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама С. П. Канапелька, намеснік начальніка ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама М. В. Уласенка.
У сваім выступленні С. П. Канапелька расказаў, што з мінулага года ў Беларусі функцыянуе падпарадкаваная Міністэрству юстыцыі адзіная сістэма органаў прымусовага выканання, якая аб’яднала судовых выканаўцаў агульных і гаспадарчых судоў. Супрацоўнікі ведамства шукалі новыя памяшканні для работнікаў падраздзяленняў. З’явілася такое памяшканне і ў Шуміліне – з адрамантаванымі кабінетамі, з уласным серверам для захоўвання вялікіх аб’ёмаў статыстычнай інфармацыі. “Шумілінскі аддзел прымусовага выканання – адзін з лепшых у вобласці, – адзначыў Сяргей Пятровіч. – Толькі ў гэтым годзе тут выканалі больш за сем тысяч судовых і іншых выканаўчых дакументаў, на карысць дзяржавы паступіла 2,7 мільярда рублёў. Мы заўсёды падтрымліваем нашых работнікаў, у прыватнасці, хутка ў Шумілінскага аддзела прымусовага выканання з’явіцца аўтамабіль “Пежо-Партнёр”.
Права перарэзаць святочную стужку было прадастаўлена С. П. Канапельку і У. П. Куранному (на здымку). Уладзімір Пятровіч расказаў прысутным пра тэмпы будаўніцтва сацыяльнай і вытворчай сферы ў раёне, павіншаваў навасёлаў, пажадаў ім плёну ў рабоце.
На мерапрыемстве прагучала шмат цёплых слоў. Павіншаваць аддзел прымусовага выканання прыйшлі пракурор раёна С. У. Зайцаў, старшыня суда Шумілінскага раёна А. А. Сініцкая, начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў А. Р. Дзмітрэнка.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 94 ад 01.12.2015 г.