Фізкультурна-спартыўны клуб “Здароўе” запрашае
ФСК “Здароўе” даўно карыстаецца папулярнасцю ў аматараў здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку. Клуб працуе амаль пятнаццаць год. За год праз яго праходзяць амаль пяцьсот чалавек. Заняткі пачынаюцца ў з 17.30, у выхадныя дні – з 10.00.
“Восенню было прынята рашэнне аб рамонце спартыўнай залы, – расказвае старшыня ФСК “Здароўе” І. Г. Прасветава. – З бюджэту на гэтыя мэты было выдаткавана тры мільёны рублёў, яшчэ тры мільёны былі ўзяты са спецрахунку клуба”. У лістападзе на два тыдні “Здароўе” спыніла работу, за гэты час былі адрамантаваны падлога і дах, пафарбаваны сцены і падлога і, бадай, самае галоўнае – у спартыўнай зале з’явілася нармальнае асвятленне. Нядаўна адноўленая спартыўная зала ФСК “Здароўе” зноў запрасіла аматараў актыўнага адпачынку на заняткі фізкультурай і спортам.
ФСК “Здароўе” прапануе:
АТЛЕТЫЧНАЯ ГІМНАСТЫКА. Вопыт інструктара Пятра Рудова і даволі добрая база трэнажорнай залы дапамогуць наведвальнікам заставацца ў добрай фізічнай форме. Як паказвае практыка мінулых гадоў, атлетычная гімнастыка папулярна як у мужчын, так і ў жанчын.
ГРУПЫ АГУЛЬНАФІЗІЧНАЙ ПАДРЫХТОЎКІ. Цудоўная магчымасць для ўсебаковага спартыўнага развіцця. Калектыўныя і індывідуальныя віды спорту, асабісты падыход да кожнага наведвальніка сталі залогам папулярнасці ў насельніцтва груп, на чале якіх інструктар Станіслаў Прасветаў.
БІЯТЛОН. Адзіная група, у якой займаюцца толькі дзеці. Менавіта з біятлоннай групы (інструктар Генадзь Салапаеў) ФСК “Здароўе” пачыналі свой шлях у прафесійны біятлон нашы землякі Ала Талкач і Ганна Сола, якія зараз уваходзіць у склад нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне.
ГУЛЬНЯВЫЯ ВІДЫ СПОРТУ (ВАЛЕЙБОЛ, ФУТБОЛ, БАСКЕТБОЛ). Выдатная магчымасць пасля працоўнага дня пагуляць з сябрамі ў любімым відзе спорту і атрымаць зарад бадзёрасці. Інструктар Станіслаў Прасветаў.
НАСТОЛЬНЫ ТЭНІС. Як многія сцвярджаюць, настольны тэніс хутка здымае стомленасць і павышае жыццёвы тонус. Інструктар Дар’я Сінякова.
РЫТМІЧНАЯ ГІМНАСТЫКА. Нягледзячы на тое, што група нядаўна з’явілася ў клубе, папулярнасць набыла адразу. Спорт для тых жанчын, якія імкнуцца заўсёды быць непаўторнымі і стройнымі. Інструктар – Вольга Крычэўская. Пакуль працуе адна група, але для жадаючых можа быць адкрыта і другая.
І. Г. Прасветава адзначыла, што, пачынаючы з гэтага года, стаўку ў клубе найперш робяць на індывідуальны падыход да кожнага чалавека. “Калі ў некага ёсць жаданне пазаймацца ў спартыўнай зале, проста тэлефануйце па нумары 8(029) 517 43 90, – падкрэсліла Інэса Генадзьеўна. – Гэта можа быць як адзін чалавек, так і група. Па жаданні можна займацца з інструктарам. Тым больш, што кошт заняткаў у клубе невысокі”.
Неўзабаве пры ФСК “Здароўе” адкрыецца пункт пракату канькоў і лыж. У самых бліжэйшых планах – набыццё найбольш папулярных памераў канькоў і лыж.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 94 ад 01.12.2015 г.