Знакомьтесь — волейболист Антон Сушинский

Актуалии Спорт, туризм

Валейбаліст – Антон Сушынскі
Знаёмцеся: валейбаліст Антон Сушынскі. 14 год, рост – 1,96. З гэтага навучальнага года – навучэнец рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву (Мінск). Неаднаразовы чэмпіён вобласці і рэспублікі. Ігрок зборнай Беларусі па валейболе, за якую выступаюць спартсмены 1999 года нараджэння.

У валейбольную секцыю Антон прыйшоў, калі вучыўся ў пачатковых класах. Першы трэнер – Любоў Бабова. Затым хлопец пачаў трэніравацца ў Аляксея Паршыкава.
“На адной з першых трэніровак Антон вельмі прыцягнуў маю ўвагу, – успамінае трэнер. – Невялікі хлопчык (а на той час Сушынскі быў невялікага росту, – аўт.)  узяў мяч і пачаў на роўных гуляць са старэйшымі хлопцамі. Прычым, нягледзячы на ўзрост, рабіў гэта даволі прыстойна”.
Як адзначае трэнер, у выпадку з Антонам гены поўнасцю ўзялі сваё: маці, бацька і цёця былі прызёрамі рэспубліканскага першынства, а самых значных поспехаў дасягнуў дзядзька хлопца – Алег Цвяткоў, які быў неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі і Савецкага Саюза, выступаў за маладзёжную зборную СССР.
Вялікая прага гуляць і перамагаць, бачыць пляцоўку і прымаць адзінае правільнае рашэнне – гэта якасці, якімі валодае  валейбаліст Сушынскі, прычым, гэтыя якасці прыроджаныя, а гэта ў спорце дарагога каштуе. Зразумела, што юнаму валейбалісту не хапала  навыкаў. “Трэніраваць Антона даволі лёгка, – расказвае трэнер. –  Ён чуе кожнае трэнерскае слова і падказку.  У яго вялікая працаздольнасць і жаданне прафесійна развіцца”.
На пляцоўцы Антон Сушынскі сапраўдны лідар, яму няважна з кім гуляе – са сваімі аднагодкамі ці са старэйшымі. Для яго важна  перамога ў кожнай сустрэчы, прычым такім пераможным настроем “зараджае” ўсю каманду.
Хлопец добра разумее, што  яму ёсць над чым працаваць.  “У мяне прыём слабаваты, – прызнаецца Антон. – Над ім трэба працаваць не адну трэніроўку”. І Антон упарта трэніруецца, ёсць вольная хвіліна –  хлопец у спартыўнай зале, і розніцы няма: у Мінску ці ў Шуміліне.
З восені Сушынскі ў Мінску. Гэтага часу яму хапіла, каб стаць асноўным іграком зборнай Беларусі 1999 года нараджэння. Неўзабаве гэта зборная возьме ўдзел у адборачных гульнях да чэмпіянату Еўропы. А гэта цудоўны шанс праявіць сябе, каб заўважылі спецыялісты вядучых валейбольных клубаў. І такім шансам трэба карыстацца.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 91 ад 20.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *