На заседании комиссии по делам несовершеннолетних подвели итоги за 2010 год

Актуалии Общество

І на бацькоў трэба вучыць
Адбылося пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, якое правёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Былі падведзены вынікі работы за мінулы год, зацверджаны планы на год бягучы.
У сваім выступленні намеснік старшыні камісіі Л. А. Грузневіч адзначыла, што работа камісіі вялася ў адпаведнасці з заканадаўствам аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. За мінулы год праведзена 41 пасяджэнне камісіі, на якіх разгледжаны 422 матэрыялы ў адносінах да 251 дарослага і 102 непаўналетніх.
Але галоўны паказчык, па якім неабходна меркаваць аб рабоце, несуцяшальны: за мінулы год 9 непаўналетніх учынілі 12 злачынстваў (у 2009 годзе – 13 падлеткаў учынілі 10 злачынстваў), што вышэй абласных паказчыкаў.  Так, толькі трыма падлеткамі здзейснена сем злачынстваў. Асноўныя прычыны: адсутнасць кантролю з боку бацькоў, лайдацтва, слабая пра-філактычная работа.
На пасяджэнні камісіі разгледжана 78 адміністрацыйных спраў, складзены 22 пратаколы ў адносінах да бацькоў, чые дзеці не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці. У адносінах да 21 грамадзяніна складзены пратаколы за продаж алкаголю непаўналетнім, пакупку для іх спіртнога.
У дакладзе адзначалася, што ў раёне прафілактыкай займаюцца школы, міліцыя, супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённая арганізацыя ГА БРСМ. Працуюць раённы падлеткавы клуб “Імпульс”, валанцёрскія лагеры, праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы. Ва ўстановах адукацыі, культуры, спорту і турызму арганізаваны 422 гурткі, у якіх займаюцца больш за 3000 дзяцей.  У 23 школах працуюць саветы прафілактыкі, на ўнутры-школьным кантролі стаіць 69 вучняў, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа. У рамках праграмы “Другасная занятасць” працавалі 152 вучні.
Яшчэ адзін важны напрамак работы камісіі – выяўленне сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане і дзяцей, якім патрабуецца дзяржаўная абарона. Так, па даных на 1 студзеня 2011 года, 202 дзіцяці (5% ад усіх дзяцей) са 115 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, 27 дзяцей з 14 сем’яў патрабуюць дзяржаўнай абароны і змешчаны ў сацыяльны прытулак.
Летась 21 бацька пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да 23 дзяцей, толькі адзін адноўлены ў бацькоўскіх правах да 2 дзетак.
Л. А. Грузневіч назвала і асноўныя праблемы ў прафілактычнай рабоце з непаўналетнімі і сем’ямі: адсутнасць каардынацыі дзейнасці розных устаноў, часта ў прафілактычнай рабоце прысутнічае фармалізм, не хапае канкрэтнай індывідуальнай работы. Нізкая роля сацыяльна-псіхолага-педагагічных службаў устаноў адукацыі ў правядзенні індывідуальнай работы. Слаба працуе па прафілактыцы п’янства наркалагічная служба, на нізкім узроўні работа з цяжарнымі жанчынамі, якія злоўжываюць алкаголем. Патрабуе ўдасканальвання работа з непаўналетнімі з боку раённага ад-дзела ўнутраных спраў. Камісія як каардынатар работы ў раёне па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх не ў поў-най меры аб’ядноўвае намаганні ўсіх службаў, грамадскасці, кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый.
Вядучы спецыяліст аддзела адукацыі А. В. Налецкая расказала аб станоўчым вопыце Обальскай СШ па рабоце рознаўзроставых аб’яднанняў, аб рабоце падлеткавых клубаў у школах раёна.
Старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. М. Пушкароў пра-аналізаваў характар падлеткавай злачыннасці, расказаў аб асноўных напрамках работы па прафілактыцы правапарушэнняў падлеткамі, па выяўленні фактаў спайвання падлеткаў дарослымі, у тым ліку і бацькамі.
Начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі зазначыў, што інспекцыя па справах непаўналетніх павінна быць галоўным каардынатарам усіх службаў РАУС у прафілактычнай рабоце з падлеткам і сям’ёй.
На пасяджэнні выступілі дырэктары Лаўжанскай і Обальскай СШ Н. В. Мясаедава і А. М. Штокін.
Аляксандр Мікалаевіч расказаў аб сістэме прафілактычнай работы ў школе, прапанаваў некалькі ідэй, годных да рэалізацыі ў раёне. Калі падлетак нічым не заняты – гэта аснова для правапарушэнняў, таму ў Обальскай школе стараюцца прымяняць розныя формы для занятасці вучняў. Тут грамадска-карысная дзейнасць не на апошнім месцы: другасная занятасць, работа па дагаворы з Обальскім керамічным заводам (выраб паддонаў) дае магчымасць вучням самім зарабіць грошы. Школа актыўна працуюе з бацькоўскім камітэтам, сельвыканкамам, міліцыяй, адміністрацыяй прадпрыемстваў, размешчаных у Обалі.
Моладзь неабходна вучыць: педагогі, медыкі, псіхолагі – ніхто не можа стаяць убаку. Дзяржава не павінна браць на сябе ўсе функцыі сям’і – трэба і з бацькоў пытаць за хібы, магчыма, трэба вучыць іх быць бацькамі. У фарміраванні сямейных каштоўнасцей і царква магла б узяць на сябе частку работы, заключыў Аляксандр Мікалаевіч.
Амаль усе выступаючыя ўзнімалі і такую вострую праблему, як алкагалізацыя насельніцтва. Цяжка гаварыць пра барацьбу з п’янствам і прафілактыку сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей, сям’і, калі бутэлька пладовага віна каштуе танней за ліманад.
Вынікі абмеркавання падвёў А. М. Зайцаў, які падкрэсліў, што кола праблемных пытанняў вызначана. Менавіта гэтыя напрамкі павінны стаць прыярытэтнымі ў рабоце на бягучы год. Пры гэтым трэба ўдасканальваць і тыя формы, па якіх ужо наладжана добрая работа.
На пасяджэнні быў прыняты план работы камісіі на 2011 год.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №15 ад 25.02.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *