Лучшая картошка на драники выросла в «Роднике» Шумилинского района

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Ураджаем могуць пахваліцца
У работнікаў сялянска-фермерскай гаспадаркі “Раднік” у верасні прыпар: сеюць рапс і азімыя зерневыя, убіраюць насенне траў, моркву і буракі. Але асноўныя работы – на бульбяных палетках, якіх у гэтым годзе 150 гектараў.
Капаць бульбу пачалі яшчэ ў канцы жніўня. Пачалі з ранніх гатункаў. І зараз ужо “ўладар”, “лілея”, “зорачка” “маніфест” знаходзяцца ў арачніках. Галоўны аграном гаспадаркі Л. М. Прыгун расказала, што ў гэтым годзе асабліва ўрадзіў “маніфест” – з аднаго гектара атрымалі па 360 цэнтнераў. Ды і астатнія раннія гатункі па ўраджайнасці не на многа адстаюць.
На мінулым тыдні, калі мы пабывалі ў “Радніку”,  у Мішкавічах убіралі сярэдняранні гатунак “брыз”. На полі працаваў толькі адзін камбайн. Другі сапсаваўся, механізатары стараліся яго хутчэй адрамантаваць і выехаць на палеткі, пакуль стаіць добрае надвор’е.
“Так, у гэтым годзе дробнай бульбы і не знойдзеш, уся – на дранікі і клёцкі, – усміхаецца механізатар Анатоль Карнякоў. – За дзень паспяваем накапаць па 90-110 тон”.  Па словах аграномаў, “брыз” сёлета здзівіў: ураджайнасць склала амаль 400 цэнтнераў з гектара, трапляюцца бульбіны, якія важаць да паўтара кілаграма.
Анатоль Карнякоў працуе на пару з Дзмітрыем Баранавым (на здымку). Ён памочнік на бульбаўборачным камбайне. “Удвух намнога лягчэй, – кажа Анатоль. – Дзмітрый з прычэпа і каменне адкідвае, і смецце. Зноў жа, сочыць за агрэгатамі: калі нешта дае збой, тут жа падае мне сігнал”.
З бульбяных палеткаў ураджай адвозяць у Галі, дзе працуе сартавальная машына. “Учора за дзень паспелі перабраць 15 прычэпаў па 4-5 тон бульбы, – расказаў аграном па ахове раслін Віталь Мугака. – А яшчэ перабіраем і ўручную. Прыязджаюць жадаючыя з Кардона і Мікалаева, дапамагаюць і мясцовыя пенсіянеры”. Ёсць жадаючыя і з розных арганізацый Шуміліна і раёна. Напрыклад, гаспадарка атрымала заяўкі з Амбросавіцкай, Башнёўскай і Мікіціхінскай школ. Як і ў мінулым годзе, работнікі гэтых навучальных устаноў прыедуць у “Раднік” на пераборку і заробяць бульбы для школ на ўсю зіму. Таксама для пераборкі “Раднік” арандаваў арачнік у “Шумілінскім райаграсэрвісе” ў райцэнтры. Трэба адзначыць, у Шуміліне знайшлося нямала жадаючых падзарабіць. “У кожным арачніку ў нас ёсць брыгадзіры, якія сочаць за якасцю работы: ніхто не адседжваецца і не лайдачыць – расказала Л. М. Прыгун. – Так што 12 тысяч рублёў, якія плацім работнікам за кожную гадзіну, зарабляюць чэсна”.
Мы пацікавіліся, як у гэтым годзе ідзе рэалізацыя бульбы. Яе па цане 2,5 тысячы рублёў за кілаграм купляюць розныя прадпрыемствы і арганізацыі райцэнтра, Віцебска і Полацка. Гаспадарка выйграла тэндар на пастаўку бульбы ў воінскую часць у Журжава.    СФГ “Раднік” шукае  пакупнікоў на сваю бульбу. На жаль, слаба купляюць бульбу расіяне, бо і там на бульбу ўраджай.

Эліту набылі ў Рудакове
На палетках ля Кардона гудзе трактар. Гэта Аляксандр Лабейка (на здымку) з чызелем рыхтуе глебу да сяўбы. Механізатар працуе ў гаспадарцы каля трыццаці гадоў. “У час жніва ад камбайнаў адвозіў зерне, а цяпер вось з чызелем працую, – расказаў Аляксандр. – За дзень рыхтую да сяўбы да дваццаці гектараў, даведзеную норму перавыконваю амаль у два разы”. Дырэктар КУСГП “Ульскі” В. У. Лабейка хваліла свайго аднафамільца за працавітасць і руплівасць.
Услед за чызелем на пасяўным агрэгаце працаваў У. А. Прыгун. У верасні Уладзімір Антонавіч засеяў ужо больш за трыста гектараў азімых зерневых. “Усяго нам па плану даведзена заданне пасеяць 400 гектараў пшаніцы і 200 гектараў жыта. – расказала Валянціна Уладзіміраўна. –  Насенне маем уласнае. У Рудакове набылі дзесяць тон элітнай пшаніцы гатунку “элегія”, гэтага хопіць, каб засеяць больш за 60 гектараў. На днях мы заканчваем сяўбу пшаніцы і прыступаем да жыта”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 74 ад 22. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *