Сям’я супраць алкаголю і наркотыкаў
Згадзіцеся, сучасныя дзеці сталі больш смелымі і незалежнымі як у сваіх выказваннях, так і ва ўчынках. Гэта адначасова і добра, калі дзеянні падлеткаў адпавядаюць маральным нормам, і дрэнна, калі амаральныя выпады ўспрымаюцца дзецьмі, як паказчыкі іх даросласці і значнасці.
Чаму ўжыванне алкагольных напояў становіцца для падлеткаў нязменным атрыбутам правядзення вольнага часу? Магчыма з-за таго, што яны не бачаць у сваёй сям’і іншага. Калі ў сям’і ні адно свята не абыходзіцца без застолля – значыць, менавіта так і трэба “па-даросламу” праводзіць час.
Адмовіцца ад прапановы выпіць ці паспрабаваць наркотык перашкаджае падлетку жаданне выглядаць дарослым, боязь стаць вядомым як “слабак” ці “матулін сынок”. Часам прыводзіць да спробы забароненых пладоў і банальная цікаўнасць, жаданне паэксперыментаваць.
Што рабіць, каб дзеці не шукалі забаву ў алкаголі і наркотыках? Самае галоўнае – стварыць у сваёй сям’і атмасферу дабрыні, павагі, даверу. Дзіця, якое бацькі любяць, з якім гавораць на роўных, паважаюць яго пункт гледжання і дапамагаюць разабрацца ў жыццёвых сітуацыях, а не прымушаюць рабіць толькі так, як скажа дарослы і мацнейшы, – такое дзіця адчувае сябе ўпэўнена і не паддаецца ні кпінам, ні ўгаворам равеснікаў выпіць ці паспрабаваць наркотыкі.
Падлетак, якога бацькі трымаюць у страху, пад пастаянным прымусам і зневажаюць, рана ці позна пачне адстойваць правы ў іншым месцы, паказваючы сваю “даросласць” і “незалежнасць”.
Алкаголь і наркотыкі не даюць магчымасці займацца спортам, падарожнічаць, вучыцца, губяць здароўе, псуюць характар, адымаюць незалежнасць, павагу да чалавека, грошы і час. Каб дзеці гэта зразумелі, дарослым проста неабходна быць добрым прыкладам сваім сынам і дочкам ва ўсім і заўжды.
Н. ЛАЎРЫНОВІЧ, настаўніца Шумілінскай СШ №1.