Фотатыдзень у СШ № 1
З першых вераснёўскіх дзён, не даўшы права на раскачку, настаўнікі з галавой акунаюць дзяцей у паўнацэннае, імклівае, такое насычанае з’явамі і ўражаннямі школьнае жыццё. Задача дзяцей у гэтыя дні не толькі ўспомніць, як пішуцца літары, колькі будзе 9 памножыць на 8, але і стаць актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных школьных мерапрыемстваў.
Вось як прайшоў мінулы тыдзень у СШ №1.
Навошта дзіцяці грошы, ці Урокі фінансавай граматнасці ад Белаграпрамбанка
Для дзіцяці грошы – гэта цудоўны ключык, які адкрывае дзверы ў свет, дзе ажыццяўляюцца яго жаданні. Да пэўнага ўзросту дзіця не задумваецца над тым, адкуль бацькі бяруць грошы, а значыць, не разумее, што калі і траціць іх, дык лепш на патрэбныя рэчы. Аб тым, што грошы можна зберагаць, дзеці не задумваюцца наогул. Між тым, калі дзіця ў час навучыць правільна распараджацца грашыма, у будучым карыстацца грашыма яму будзе проста. Яны ў яго заўсёды будуць!
Разумеючы значнасць фінансавай адукацыі, адзін з лідараў фінансавай сістэмы Беларусі – Белаграпрамбанк – у другі раз правёў рэспубліканскую акцыю “Твае першыя фінансы”.
«Падтрымка падрастаючага пакалення – адна з важнейшых задач стратэгіі нашага банка, чарговым практычным увасабленнем якой стала выданне зборніка “фінансавых” казак, – расказвае начальнік РКЦ №4 у г.п. Шуміліна філіяла ААТ «Белаграпрамбанк»-Віцебскае абласное ўпраўленне Наталля Крыўко. – Пры падрыхтоўцы акцыі банк дапоўніў брашуру «Твае першыя фiнансы» шасцю новымі расказамі пра прыгоды Агрыка, які працягвае знаёміць са светам фінансаў. Абноўлены і фармат кнігі, цяпер гэта выданне аб’ёмам больш за 60 старонак. Спадзяемся, што чытанне казак стане адначасова забаўляльным і надзвычай карысным заняткам для дзяцей, і многія, прачытаўшы кнігу «Твае першыя фiнансы», зробяць для сябе нечаканыя і карысныя адкрыцці, якімі абавязкова захочацца падзяліцца”.
У рамках сацыяльнага праекта Белаграпрамбанка па павышэнні фінансавай граматнасці, у 13-ці школах Шумілінскага раёна супрацоўнікі банка правялі фінансавыя ўрокі, а таксама ўручылі кнігу «Твае першыя фiнансы» 174 вучням 5-х класаў. Да слова, маштабная акцыя прадоўжыцца да канца верасня.
Трэба сказаць, што арганізатарам рэспубліканскай акцыі «Твае першыя фiнансы» Белаграпрамбанк стаў не выпадкова. З 2007 года ў банку дзейнічае ўнікальная «Детская сберегательная программа «Расти большой!», дзякуючы якой кліентам банка можа стаць кожнае дзіця незалежна ад свайго ўзросту – трэба толькі бацькам прыйсці ў любое аддзяленне банка і адкрыць уклад на імя дзіцяці на суму не менш 3 млн. рублёў. Праграма прадугледжвае выданне крэдытнай карты на спецыяльных умовах, дзіцячай карткі, крэдыту на навучанне «Студэнцкі» і падарунак дзіцяці на кожны дзень нараджэння.
Урок фінансавай граматнасці ў 5-х класах СШ № 1 правяла начальнік РКЦ № 4 «Белаграпрамбанка» Наталля Крыўко.
Па дарозе ў школу
Штогод у пачатку верасня ў СШ №1 праходзіць тыдзень бяспекі дарожнага руху. Дзеці становяцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі жыцця на дарозе, а гэта нямала хвалюе настаўнікаў і бацькоў. Таму яшчэ раз нагадаць пра правілы бяспекі ніколі не будзе лішнім. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Емяльянава расказала, што ў гэтай рабоце настаўнікаў актыўна падтрымала аддзяленне ДАІ. Не раз у мерапрыемствах удзельнічала старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы аддзялення ДАІ Наталля Голуб, ды і прызы для дзяцей за перамогі ў разнастайных конкурсах дзяржаўтаінспекцыя прадаставіла. Конкурсы малюнкаў, дэвізаў, выставы, кіналекторыі, спартыўныя спаборніцтвы і гульні ладзіліся ў рамках гэтага тэматычнага тыдня. А ў адну з раніц на ўваходзе ў школу дзяжурылі юныя інспектары дарожнага руху і сачылі за тым, каб ва ўсіх былі флікеры, нагадвалі, што без іх нельга, раздавалі спецыяльныя памяткі тым, хто флікер усё ж забыўся.
Пакуль квітнеюць краскі
Міма такога ніколі нельга прайсці. Конкурс букетаў, які традыцыйна ладзіцца ў першыя школьныя дні, – гэта як лету прыгожае “бывай”, як апошні акорд цёплай летняй песні. Букеты ад малодшых класаў заўжды мудрагеліста арыгінальныя, бачна, што бацькі вельмі стараюцца дапамагчы сваім дзецям. Букеты ж старэйшых школьнікаў – элегантна вытанчаныя.
У нагу са спортам
Быў багаты гэты тыдзень і на спартыўныя мерапрыемствы. Спартландыя “У здаровым целе – здаровы дух” прайшла паміж вучнямі трэціх класаў у спартыўнай зале школы.
А на стадыёне настаўнікі фізічнай культуры і спорту праводзілі малыя алімпійскія гульні.
* * *
Вось так актыўна і цікава прайшоў гэты тыдзень у СШ № 1, як і ў іншых школах нашага раёна
Старонку падрыхтавалі Алена КАРПУШЭНКА і Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 72 ад 15. 09. 2015 г.