Дзякуй за выдатную вучобу
Вераніка Воранава, Ганна Скрыпкіна і Таццяна Васкоўская – залатыя медалісткі Шуміліншчыны – пацвердзілі сваю высокую ўзнагароду, усе трое сталі студэнткамі і з 1 верасня паедуць у свае ўніверсітэты.
А на гэтым тыдні залатых дзяўчат запрасілі на сустрэчу з намеснікам старшыні райвыканкама А. М. Зайцавым і начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мяньковай.
“Мы запрасілі вас на гэтую сустрэчу, каб падзякаваць за выдатную вучобу”, – пачала размову Валянціна Васільеўна.
Падзяку райвыканкама, падмацаваную прэміяй ў 6 базавых велічынь, уручыў учарашнім выпускніцам А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч павіншаваў дзяўчат з паступленнем ў ВНУ, адзначыў, што гэта важна не толькі для іх, але і для ўмацавання іміджу раёна. Такі вынік сведчыць, што ў Шумілінскім раёне створаны спрыяльныя ўмовы для таго, каб атрымаць выдатныя веды і паступіць у самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы краіны.
І гэта так. Вераніка Воранава з атрыманымі па тэстах 374 баламі змагла прэтэндаваць на самыя конкурсныя спецыяльнасці. І яна стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе абрала факультэт камп’ютарных сістэм і сетак.
Туды, куды марылі, паступілі таксама Ганна Скрыпкіна і Таццяна Васкоўская. Ганна з 1 верасня будзе вучыцца на матэматычным факультэце (прыкладная матэматыка) Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, а Таццяна – на інжынерна-тэхналагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Што тут дадаць? Малайцы, дзяўчаты! Першы этап свайго жыцця вы прайшлі вельмі годна. Няхай поспех, любоў родных і вера ў свае сілы будуць вашымі спадарожнікамі на ўсё жыццё!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 67 ад 28.08.2015 г.
На здымку: В. Воранава, Г. Скрыпкіна і Т. Васкоўская .