“Нашы механізатары працуюць на два франты”
Рабочы дзень дырэктара ААТ “Лаўжанскае” А. А. Кавальчыка пачынаецца на мехдвары: трэба пацікавіцца, якія ёсць праблемы ў хлебаробаў, дапамагчы. “ У нас надзейныя механізатары, у іх ёсць імкненне працаваць і зарабляць, – расказаў Аляксей Аляксеевіч. – З такімі прыемна працаваць, бо кожны ведае сваю справу. Перад уборачнай мы правялі сход, на якім пазнаёмілі механізатараў з расцэнкамі ў час жніва, патлумачылі, колькі кожны хлебароб можа зарабіць грошай за перавыкананне даведзенай нормы. Не павінна быць праблем з палівам у час жніва, бо ёсць дамоўленасць з “Нафтанам”. Механізатары нашай гаспадаркі зараз працуюць на два франты: на ўборцы азімага рапсу і азімых зерневых. Усяго працуе сем камбайнаў. Трэба ўбраць 120 гектараў азімага рапсу: рапс ля Захарава вырас нядрэнны, бо своечасова падкормлівалі палеткі. Наш зернесушыльны комплекс, які загадзя падрыхтавалі да жніва, ужо прыняў першы ўраджай.”.
На мінулым тыдні ў “Лаўжанскім” пачалі ўбіраць азімую пшаніцу. Камбайнеры працавалі ва ўрочышчы Басейн. Першы дзень быў пробным –намалацілі ўсяго 85 тон. «Ураджайнасць склала 36 цэнтнераў з гектара, – расказаў намеснік дырэктара па вытворчасці В. І. Селязнёў. – Тое, што сёння маем на палетках – вынік напружанай работы ўсіх службаў гаспадаркі. Мы зрабілі ўсё дзеля атрымання максімальнага ўраджаю, зямлю ж не падманеш: у яе трэба ўкладваць і сродкі, і працу сваіх рук».
У “Лаўжанскім” шмат сталых механізатараў, якія на жніве па дзесяць і больш гадоў. Але ёсць і моладзь. Напрыклад, камбайн даверылі Андрэю Хадзюкову. У свае 26 гадоў ён даволі вопытны механізатар, бо з дзяцінства вучыўся ў свайго бацькі Валерыя Мікалаевіча. Дарэчы, бацька таксама працуе на камбайне.
Калега Андрэя – Уладзіслаў Арлоў. Ён яшчэ студэнт, закончыў другі курс Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Хлопец вучыцца на інжынера-механіка, але ўжо другі сезон уладкоўваецца падчас жніва ў мясцовую гаспадарку. Кажа, што такая практыка для будучага інжынера карысная, ды і ўласныя грошы на абновы не перашкодзяць.
На рахунку Андрэя і Уладзі-слава за першыя дні работы было каля трыццаці тон зерня. Вядома, мара хлопцаў – тысячныя намалоты.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 61 ад 07.08.2015 г.