Духовную беседу о семье ведёт иерей Александр Фурсов

Актуалии Духоўнае Семья

Сям’я – гэта малая Царква
Праваслаўная сям’я – гэта сям’я, мэтай якой з’яўляецца жыццё з Богам і ратаванне душы. Супрацьлегласцю ёй з’яўляецца сям’я … “грамадзянская”, мэтай якой з’яўляецца шчаслівае жыццё на зямлі і працяг роду. Але пры гэтым і праваслаўная, і грамадзянская сям’я могуць быць як добрымі, так і дрэннымі, як бываюць добрыя і дрэнныя хрысціяне, высокамаральныя і амаральныя людзі. Паўнавартаснай, шчаслівай, моцнай можа быць і праваслаўная, і грамадзянская сям’я, але залог шчасця ляжыць усё ж у духоўнасці.
Калі чалавек у сям’і жыве для сябе: імкнецца да камфорту, хоча, каб яго любілі, разумелі, падзялялі з ім погляды, імкнецца да прадаўжэння роду, але нягледзячы на, здавалася б, натуральнасць усіх гэтых жаданняў, такая сям’я мае вялікую верагоднасць перастаць існаваць. Бо камфорт стварыць атрымліваецца не заўсёды, нехта іншы, як аказваецца, можа пакахаць мацней, і разумець будзе лепш…
Калі ж муж і жонка (ці хаця б адзін з іх) жывуць для другога, сітуацыя становіцца прама супрацьлеглай: чалавек у гэтым выпадку імкнецца паступаць, думаць і адчуваць так, каб таму, хто знаходзіцца побач з ім, было спакойна, добра і камфортна. Калі ж сям’я праваслаўная, імкненне гэтае становіцца яшчэ больш высокім: абодва стараюцца дапамагчы адзін аднаму стаць лепш і наблізіцца да ратавання душы.
На жаль, бывае, што і ў праваслаўных сем’ях людзі жывуць для сябе і імкнуцца толькі да ўласнага ратавання. А бывае, што людзі, далёкія ад Бога, па свайму выхаванню і характары з’яўляюцца ахвярнымі. Галоўнае, каб за гэтай ахвярай не стаяла чаканне ўзнагароды. Муж ці жонка, дзеля каго ты ахвяраваў кар’ерай і здароўем, можа пры ўласных няўдачах пачаць папракаць цябе за ўсялякую драбязу, дзеці, якім ты аддаваў усяго сябе, могуць ні на кроплю не прыслухоўвацца да тваёй думкі і лічыць перашкодай…
Добрая, моцная, паўнавартасная сям’я  – тая сям’я, дзе муж і жонка паважаюць адзін аднаго, імкнуцца да ўзаемаразумення, дзе бацькі вучаць дзяцей прыкладам уласнага жыцця і ніколі пры дзецях не робяць адно аднаму заўваг і не спрачаюцца. Нават, калі гэта сям’я не праваслаўная, ёй лягчэй прыйсці да Бога, бо, як сказана: “адзін аднаго цяжар насіце, і тым выканаеце закон Хрыста”.
Ёсць яшчэ адно і вельмі важнае, што адрознівае праваслаўную сям’ю ад любой іншай – гэта блаславенне Бога. Менавіта Божая ласка захоўвае саюз мужа і жонкі. І часта, калі ўжо не хапае ўласных сіл у пары, каб выканаць запаведзі Госпада, у асаблівасці адзін перад адным, калі нешта адбываецца з намі, нашымі пачуццямі, калі, аступіўшыся, чалавек цягнецца да граху, на дапамогу прыходзіць Гасподзь і дапамагае, вяртае мір у душы самых блізкіх людзей, і яны прыпадаюць адзін да аднаго са слязьмі і словамі: “Даруй мне. Я вінаваты”. І ўсё даруецца, цяжкае забываецца, і радасць зноў вяртаецца. Сям’я, якая прайшла іспыты, умацоўваецца, і  яшчэ больш моцна ўзносяцца ўдзячныя малітвы да Госпада, Яго Прачыстай Маці. Памятайце, браты і сестры, сям’я – гэта малая Царква.
Іерэй Аляксандр ФУРСАЎ.
Надрукавана ў №60 ад 04.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *