Огородникам: как бороться с фитофторой

Сельское хозяйство

Змагаемся з фітафторай

Прахалоднае надвор’е падкінула непрыемны сюрпрыз агароднікам: лісты памідораў і бульбы пачалі чарнець ад фітафтарозу. Гэта распаўсюджаная грыбковая хвароба паражае культуры сямейства паслёнавых: бульбу, памідоры, перац, баклажаны. Яна можа поўнасцю знішчыць ураджай гэтых культур. Пакуль было суха і спякотна хвароба не праяўлялася, а стала вільготна і прахалодна, хвароба тут, як тут. Як жа дапамагчы раслінам і зберагчы ураджай?

Самыя эфектыўныя сродкі барацьбы з фітафтарозам – хімічныя, сцвярджаюць вучоныя-аграхімікі. Існуе шмат народных сродкаў барацьбы з гэтай хваробай раслін – ёд, часнок, сыроватка, дрожджы…, але ўсе яны неэфектыўныя і могуць нават пашкодзіць раслінам.

Для эфектыўнай барацьбы з фітафторай спецыялісты раюць выкарыстоўваць прэпараты “Пенкацэб”, “Акрабат”, “Брава”, “Азафос” “Фітаспарын”, “Рыдаміл Голд” і іншыя. Падыдзе і старая, добравядомая бардоская вадкасць.

Таматы ў цяпліцах пачалі спець, таму перад апрацоўкай трэба зняць з раслін спелыя і бурыя плады. Пасля апрацоўкі сем дзён плады нельга выкарыстоўваць у ежу (пасля выкарыстання бардоскай вадкасці – тры дні). Расліны апрацоўваюць дасканала, апырскваюць лісты (зверху і знізу), сцябло, плады. Апрацоўкі паўтараюць праз два тыдні. Для паўторных апрацовак пажадана выкарыстоўваць іншы прэпарат.

Калі расліны вырошчваюць у адкрытым грунце, то варта памятаць, што пасля апрацоўкі да дажджу павінна прайсці не менш за 4-5 гадзін, інакш работа будзе марнай.

Парады агароднікам

Як яшчэ змагацца з фітафторай?

Палівайце расліны пад корань, каб вільгаць не трапляла на лісты.

Праветрывайце цяпліцу. Калі паветра застойваецца і павышаецца вільготнасць, хвароба будзе развівацца хутчэй.

Пры выбары сартоў і гібрыдаў для вырошчвання аддавайце перавагу тым, якія ўстойлівыя да фітафтарозу. Гэта “Віліна”, “Ружа”, “Калінка” “Марс F1”, “Прамень” (“Луч”), Яблынька Расіі”, “Авіза F1”, Алпацьева”, “Саюз 8 F1”, Дубок”, “Ля-ля-фа F1”.

Не вырошчвайце ў адной цяпліцы агуркі і памідоры – у іх розныя патрабаванні да вільготнасці паветра. Агуркам патрэбна вільготнасць каля 75-80%, а памідорам – 65-70%. Пры сумесным вырошчванні, на агурках завядзецца павуцінны клешч, а таматы будуць хварэць на фітафтору з-за павышанай вільгаці.

Васіль КРОП.

Надрукавана ў № 56 за 21 ліпеня.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *