На абласной выставе – наша «Спадчына»
У пачатку лютага ў абласным метадычным цэнтры г. Віцебска адкрылася абласная выстава вырабаў майстроў народнага клуба “Спадчына” Шумілінскага Дома рамёстваў “Прыйшлі святкі на калядкі”.
Выставы шумілінскіх майстроў размешчаны ў дзвюх залах. “Стараліся ўлічваць і густы гледачоў, і нацыянальны каларыт роднага краю, – гаворыць дырэктар Дома рамёстваў В. В. Загвоздава. – На першым плане вялікай залы – дзявоцкі нацыянальны касцюм – такі, які даўней насілі на Шуміліншчыне. Тут жа стаіць куфар ручной работы, у які дзяўчаты калісьці збіралі сабе пасаг”.
Да выставы рыхтаваліся некалькі дзесяткаў народных майстроў з Шуміліна, Мікіціхі, Дабеі, Мішневіч і іншых вёсак раёна. Дзякуючы іхнім умелым рукам і з’явіліся разнастайныя вырабы па лазапляценні і саломапляценні. Радуюць вока калядныя зоркі, сухарніцы, саламяныя кветкі. А народны майстар У. П. Каласкоў прыехаў на выставу разам са сваім вучнем Арцёмам Сяньковым, які спецыяльна да абласной выставы зрабіў свой лазовы ветразь.
Шырока прадстаўлены на выставе ласкутная тэхніка, вышыўка, тканыя ручнікі, габелены. Обальскія ганчары А. В. Любімаў і Я. В. Наважылаў прывезлі керамічныя гаршчкі, бачкі, міскі, гарлачыкі. Гэтыя аўтарскія работы цэнныя тым, што паўтараюць традыцыйныя для нашага раёна формы посуду.
Асобная гаворка – пра тэатральныя лялькі. У народным тэатры “Батлейка” іх вельмі многа, усе яны – вясёлыя і смешныя – паглядваюць на наведвальнікаў выставы. Большасць лялек – аўтарскія, іх воблік – гэта фантазія народных майстроў.
Метадыст Дома рамёстваў А. Л. Быкава прадставіла вышыты на льняной тканіне герб Шуміліншчыны.
Запрашэнне на абласную выставу “Прыйшлі святкі на калядкі” – гэта вялікі гонар для майстроў народнага клуба “Спадчына”, бо дае шанц яшчэ раз пацвердзіць званне народнага, падтрымаць свой імідж і аўтарытэт сярод гарадскіх гледачоў. Мяркуючы па таму, што многія наведвальнікі пытаюцца, ці можна купіць той ці іншы выраб, можна меркаваць, што выстава даспадобы. “Прадаваць будзем толькі ў апошні дзень выставы, – адзначае В. В. Загвоздава. – Кожны дзень выставу наведваюць больш за трыццаць чалавек”.
Дарэчы, выстава шумілінскіх народных майстроў будзе працаваць у абласным метадычным цэнтры да 18 сакавіка. Наведаць выставу можна што-дзень (акрамя панядзелка) з 10 гадзін раніцы да 19.00 па адрасе: г. Віцебск, вул. Леніна, 35а.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №11 ад 11.02.2011 г.
Шумилинские мастера Дома ремёсел представили выставку своих работ в Витебске
