Малочныя пытанні ці Як мінусы ператварыць у плюсы?

Сельское хозяйство Экономика

Малочныя пытанні
ці Як мінусы ператварыць у плюсы?

У гаспадарках раёна ўсяго 36 гуртоў, якія налічваюць 7446 кароў. Гэтыя каровы, а таксама цёлкі злучнога і перадзлучнога ўзростаў знаходзяцца на кругласутачным пашавым утрыманні.
Ці павялічыліся надоі з выхадам кароў на пашу, якія гаспадаркі лідзіруюць, якія мінусуюць? Пра гэтыя і іншыя праблемы жывёлагадоўлі гутарым з першым намеснікам начальніка райсельгасхарчу А. М. Пытко.
“У раёне зараз дояць 9,8 кілаграма на карову, плюс 400 грамаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, – кажа Аляксей Мікалаевіч. – З выхадам на пашу колькасць малака павялічылася. Невялікая, але ёсць прыбаўка кожны дзень”.
Першая гаспадарка па надоях –  СФГ “Раднік” (13,5 кілаграма на карову), дзе з году ў год належную ўвагу ўдзяляюць вырошчванню шматгадовых траў, падкормцы сенакосаў і пашаў. Лідарства “Радніка“ нікога не здзіўляе. На другім месцы па надоях – КУСГП “Мішневічы”. Тут дояць на карову 13 літраў –  на 3,5 літра больш, чым у мінулым годзе. Гэта нядрэнны вынік для гаспадаркі, якая ў мінулыя гады была ў хвасце раённай зводкі. Як дабіліся такога плёну?  Па словах галоўных спецыялістаў гаспадаркі, увесь сакрэт у тым, што сёлета работнікі райплемстанцыі добра папрацавалі з асемяненнем кароў. Так, у маі планавалася атрымаць паўсотні цялятак, а на канец мінулага тыдня іх ужо было 58. Акрамя таго, на мішневіцкія пашы летась падсеялі шматкампанентныя сумесі траў, якія забяспечваюць кароў добрым кормам.
Што тычыцца асобных фермаў раёна, то на першым месцы па надоях  знаходзіцца ферма Башні-1 ААТ “АграБаравінка” (загадчыца Стахеева Ю. А.): тут дояць 16 кілаграмаў на карову (плюс 7 кг да мінулагодняга ўзроўню). А. М. Пытко выдзеліў яшчэ ферму Ляжні-1 (надой на карову – 14,3 кг) і ферму Мясаедава ААТ “Лаўжанскае” (11,5 кг).
Але названыя гаспадаркі і фермы не здолелі па валавой вытворчасці малака вывесці раён на мінулагодні ўзровень. Зараз валавая вытворчасць складае 68440 тон, а летась было 77 тысяч тон. У выніку наш раён знаходзіцца ў хвасце абласной зводкі.  Па надоях мінусуюць у “Шумілінскім райаграсэрвісе”, КУСГП “Ульскі”, ёсць “мінус”   і ў ААТ “Прыазёрны мір”. Цягнуць уніз раённыя паказчыкі ферма Цэнтр-2 “Шумілінскага райаграсэрвісу”(дояць 7,3 кг, мінус 4,7 кг у параўнанні з мінулым годам), ферма Паратоўка гэтай жа гаспадаркі (мінус 3,6 кг на карову), ферма Непароты ААТ  “Прыазёрны мір” (мінус 2,6 кг).
Якое выйсце з гэтага становішча і ці магчыма названыя мінусы ператварыць у плюсы? “Канешне магчыма, мы працуем над гэтым, – кажа Аляксей Мікалаевіч. – Работнікам усіх сельгаспрадпрыемстваў варта строга захоўваць тэхналогію пасьбы, кармлення, даення і догляду жывёлы. Памылка некаторых спецыялістаў у тым, што  яны шкадуюць выганяць кароў на канюшыну, а берагуць яе на сянаж.  Разам з тым 40% усіх кароў па гаспадарках раёна – навацельныя, значыць ёсць патэнцыял і рэзервы для паляпшэння надояў. Варта толькі працаваць. Лічу, што кожны кіраўнік сельгаспрадпрыемства павінен пачынаць свой рабочы дзень на полі і кантраляваць работу жывёлаводаў: як падаілі, як пасвяць, ці па тэхналогіі робяцца загоны. Статак, які налічвае 200-230 кароў, павінен за дзень праходзіць поле ў чатыры гектары. Далёка не ўсюды прытрымліваюцца такіх правілаў. Трэба памятаць, што менавіта каровы  з’яўляюцца залатым фондам кожнай гаспадаркі. Менавіта малаком зарабляюцца грошы на зарплату, запчасткі і іншыя патрэбы.  І на буронку павінны працаваць і тэхніка, і людзі, толькі тады будзе плён”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №42 ад 02.06.2015 г.



1 комментарий по теме “Малочныя пытанні ці Як мінусы ператварыць у плюсы?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *