Вечер посвятили 70-летию Великой Победы

Общество

“Ішла жанчына ў простым шынялі…”
У канцы мая раённая арганізацыя  грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” наладзіла ў кафэ “Фартуна” тэматычную сустрэчу “Ішла жанчына ў простым шынялі…”.
Мерапрыемства было прымеркавана да 70-й гадавіны  Вялікай Перамогі, тым жанчынам, якія змагаліся на фронце і ў тыле, у партызанскіх атрадах і падполлі. Вядучыя расказалі пра жыхарак нашага раёна, чый лёс так ці інакш быў звязаны з вайной. Згадалі обальскіх падпольшчыкаў: Марыю і Антаніну Лузгіных, Ефрасінню Зянькову, Зінаіду Партнову, Ніну Азоліну і іншых. Гэта іх подзвіг і  подзвігі яшчэ тысяч савецкіх жанчын набліжалі перамогу.
Жанчына і вайна… Здаецца, гэтыя паняцці несумяшчальныя. Жанчыны хацелі быць каханымі, маці і жонкамі, а ім прыходзілася быць партызанамі, медсёстрамі і разведчыкамі.
На мерапрыемстве, напэўна, не было ніводнага чалавека, лёс сям’і  якога не звязаны з вайной.  На свяце прысутнічалі не толькі жыхары райцэнтра, але і з Кардона, Обалі, Мікіціхі, Полькавіч і іншых вёсак раёна. Некаторыя прывезлі з сабой фотаздымкі родных, якія змагаліся на фронце. Гэтых людзей даўно няма ў жывых, але ж памяць пра іх жыве.
Прыйшлі на сустрэчу і людзі, якія ў дзяцінстве знаходзіліся ў канцэнтрацыйных лагерах. Яны расказалі пра жах вайны, пра зверствы фашызму.  “Маю маці забралі ў адзін з канцэнтрацыйных лагераў, што быў у Гамбургу, – расказала ўрач-тэрапеўт А. В. Пальвінская. – Там я і нарадзілася. Потым немцы адабралі мяне, маленькую, у маці і адправілі ў дзіцячы дом, дзе я знаходзілася больш за год. Маці і ўсіх палонных вызвалілі амерыканцы, праз некаторы час яна адшукала мяне і забрала на радзіму.  Мне пашчасціла, што мы выжылі: я і мая маці”.
“У мяне вайна адабрала дзяцінства, – расказала жыхарка Шуміліна Д. М. Нікіфарава. – Прыйшлося перажыць і голад, і холад, і страты блізкіх. Я дакладна ведаю, што самае галоўнае ў жыцці чалавека – гэта мір на зямлі. Будзе мір – будзе і шчасце”.
Пра свой нялёгкі лёс расказала інвалід дзяцінства Е. В. Чарнамордава. Вайна адбірала здароўе не толькі ў дарослых, але і ў дзяцей. Выступалі жанчыны з сем’яў загінуўшых:  В. Н. Аверчанка, К. А.  Казакова,  Л. І. Гурнова. Яны расказалі, як цяжка было ў дзяцінстве без бацькі, як дапамагалі дарослым пасля вайны.
Напрыканцы мерапрыемства начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама С. В. Валекава і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая павіншавалі ўсіх  70-годдзем Перамогі, пажадалі здароўя і мірнага неба. Валянціна Георгіеўна расказала, што ў рамках абласнога фестывалю народнага гумару “Смяяцца не грэх” сёлета адбыўся агляд-конкурс аўтаклубаў, і аўтаклуб  раённага цэнтра культуры заняў першае месца.  Абараняць візітку клуба дапамагала аматарскае аб’яднанне “Душа”, якое складаецца з членаў раённага таварыства інвалідаў.  В. Г. Навіцкая ўручыла ўдзячныя лісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі старшыні таварыства Л. М. Нагібавай і  ўсім пераможцам абласнога конкурсу.
Канцэрт “Ішла жанчына ў простым шынялі…” падрыхтавалі і правялі работнікі раённага цэнтра культуры, аўтаклуба, Кардонскага сельскага клуба, а таксама самадзейныя артысты  – члены раённага таварыства інвалідаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 02.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *