22 комбайна будут заготавливать корма в Шумилинском районе

Сельское хозяйство Экономика

22 камбайны – на касавіцу
Толькі паспелі адсеяць зерневыя і зернебабовыя, як прыспешвае не менш адказная работа – касавіца. Карэспандэнт газеты размаўляла з інспектарам дзяржтэхагляду С. М. Пантаплёвым, які на мінулым тыдні аб’ехаў многія майстэрні, а таксама з кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак раёна.
Правяраў перш за ўсё тэхнічны стан кормаўборачных камбайнаў і спецыялізаваных прычэпаў для перавозкі зялёнай масы, бо МТЗ прайшлі тэхагляд яшчэ перад пасяўной. З усіх гаспадарак з добрага боку выдзяляецца ААТ “Прыазёрны мір”. Тут тры кормаўборачныя камбайны хоць сёння гатовы прыступіць да работы, адрамантаваныя ўсе прычэпы. Думаецца, нават у самай строгай праверкі да гаспадаркі не было б прэтэнзій. “Працуем па прынцыпу “рыхтуй летам сані,” – кажа галоўны інжынер гаспадаркі Уладзімір Фёдаравіч Карнілаў. – У адзін дзень усё не схопіш і не паспееш, таму маем завядзёнку рабіць усё загадзя”.
Усе кормаўборачныя камбайны (іх усяго чатыры) прайшлі тэхагляд і ў ААТ “АграБаравінка”. Пастараліся механізатары.  Але для  галоўнага інжынера Л. Ф. Клімушэўскага на гэтым клопат не закончаны. “Яшчэ не гатовы выехаць на касавіцу, бо трэба купляць камплекты нажоў для здрабнення, паскаральнікі для выкіду зялёнай масы, супрацьрэжучыя брусы, – тлумачыць Леанід Фёдаравіч. – А ўсё гэта каштуе немалых грошай. Напрыклад, толькі адзін камплект нажоў для кормаўборачнага камбайна каштуе 16 мільёнаў рублёў”.
Тая ж праблема – трэба запчасткі, каб пачаць касавіцу  – у СФГ “Раднік”. Тут спраўны адзін кормаўборачны камбайн, а другі, які перадалі ў мінулым годзе з ААТ “Ляжні”, трэба яшчэ рамантаваць. Не падрыхтаваліся да касавіцы і суседзі з Ляжнёў. Тут усяго адзін кормаўборачны камбайн, ды і той на мінулым тыдні яшчэ і не выганялі з арачніка, бо няспраўнае электраабсталяванне, трэба мяняць акумулятар.
Яшчэ нямала работы па падрыхтоўцы тэхнікі і ў “Шумілінскім райаграсэрвісе”. З трох камбайнаў, якія будуць працаваць за зялёным жніве, спраўны толькі адзін, які стаіць у арачніку ў Пабедзе.
Усе тры камбайны з ААТ “Прыдзвінскі” прайшлі тэхагляд. Тым не менш, кіраўніцтва гаспадаркі занепакоена, што няспраўны яшчэ два прычэпы для перавозкі зялёнай масы.
Уся кормаўборачная тэхніка выгнана з арачнікаў у ААТ “Лаўжанскае”. Тут рамантуюцца “Ягуары”, прэс-падборшчыкі, граблі і варушылкі. “Самае праблемнае пытанне – гэта запчасткі, – кажа дырэктар гаспадаркі А. А. Кавальчык. – Тым не менш, мяркуем, што распачнем касавіцу раней за іншыя гаспадаркі.  Першыя камбайны выедуць на палеткі ўжо на гэтым тыдні. “Зялёнку” будзем вазіць на корм на жывёлагадоўчы комплекс, а таксама на фермы Рашэтнікі і Цаўі”.
Падчас касавіцы ў раёне будуць задзейнічаны 22 кормаўборачныя камбайны, а таксама 25 спецыялізаваных прычэпаў. Больш таго, па словах С. М. Пантаплёва,  у кожнай гаспадарцы на адвозку зялёнай масы мяркуюць выдзеліць па аднаму-два МАЗы, а таксама прычэпы іншых марак.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №38 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *