2 ноября – Всемирный день водно-болотных угодий

Экология

Рэсурс  міжнароднага значэння
Сёлета адзначаецца 40-годдзе падпісання Рамсарскай канвенцыі па водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцаў пражывання вадаплаўных птушак. Па даручэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распрацавала План мерапрыемстваў па ўдзелу ў святкаванні ў 2011 годзе 40-годдзя Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях.
План прадугледжвае шматлікія мерапрыемствы: навуковыя міжнародныя і рэспубліканскія канферэнцыі, конкурсы фатаграфій і малюнкаў, выставы, выпуск паштовых марак, кніг і брашур, шырокае асвятленне экалагічнай тэматыкі на тэлебачанні і радыё, на старонках газет і часопісаў.
2 лютага 1971 года ў іранскім горадзе Рамсары была падпісана Канвенцыя, якая акрэсліла значэнне  “водна-балотных угоддзяў як рэгулятараў воднага рэжыму і месцаў пражывання, якія забяспечваюць існаванне флоры і фаўны, асабліва вадаплаўных птушак”. Прызнавалася, што водна-балотныя угоддзі ўяўляюць сабой рэсурс, які мае вялікае эканамічнае, культурнае і рэкрэацыйнае значэнне”. Канвенцыя прызнае неабходнасць спынення наступлення чалавецтва на гэтыя ўгоддзі, адзначае, што вадаплаўныя птушкі перасякаюць дзяржаўныя межы падчас міграцыі і таму з’яўляюцца міжнародным рэсурсам. У дакуменце гаворыцца аб неабходнасці аховы водна-балотных угоддзяў. Дакумент падрабязна дае характарыстыку водна-балотных угоддзяў, парадак іх вызначэння, арганізацыі ахоўных мерапрыемстваў.
Канвенцыя аб’ядноўвае 158 краін свету. Рэспубліка Беларусь далучылася да Рамсарсай канвенцыі 25 жніўня 1991 года. У спіс рамсарскіх угоддзяў у нашай краіне занесены буйныя заказнікі ў Палессі “Омальнскія балоты” і “Сярэдняя Прыпяць”, заказнікі «Котра» і «Простыр» (мае статус трансгранічнага), буйнейшыя ў Еўропе балоты: нізінныя — “Спораўскі” і “Званец”, верхавыя — “Асвейскі” і “Ельня”. Рыхтуюцца да прысваення статусу рамсарскіх Бярэзінскі біясферны запаведнік і нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”.
Наш раён таксама багаты на водна-балотныя ўгоддзі – шматлікія азёры, балотныя масівы захоўваюць рэдкіх прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету. У Казьянскім дзяржаўным заказніку знаходзіцца Обальскае балота, дзе існуе ўнікальны балотна-азёрны градавы комплекс. Беражліва выкарыстоўваць гэтае багацце, захаваць яго для нашчадкаў – наш абавязак.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №8 ад 1.02.2011 года



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *