Пайшоў з жыцця наш зямляк, паэт Алег Салтук

Новости

23 красавіка на 69-м годзе жыцця памёр беларускі паэт і перакладчык, ганаровы грамадзянін Шумілінскага раёна Алег Уладзіміравіч Салтук.

А. У. Салтук нарадзіўся 25 жніўня 1946 г. у вёсцы Рыжэнькі Шумілінскага раёна  ў сям’і патомных хлебаробаў, якая ў 1962 годзе пераехала на радзіму бацькі ў вёску Якаўкі Ушацкага раёна. Да школы бацька навучыў сына чытаць, а маці ў раннім дзяцінстве прывіла любоў да песні. У 1963 годзе А. Салтук скончыў Мішкавіцкую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова. Пасля заканчэння інстытута (1967) служыў у Савецкай Арміі.

У 1969—73 гадах — адказны сакратар раённай газеты «Патрыёт» (г. п. Ушачы).

3 1974 года — уласны карэспандэнт абласной газеты «Віцебскі рабочы».

3 1980 года па 1999 год — сакратар Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Узнагароджаны медалямі.

Асноўныя матывы паэзіі А. Салтука — любоў да Радзімы, роднай зямлі, гераічная памяць беларускага народа, клопаты і трывогі нашых дзён, пачуцці сяброўства і кахання, няпростыя чалавечыя адносіны.

Пяру А. У. Салтука належаць зборнікі паэзіі «Пачатак дня» (1974), «Працяг» (1977), «Святло зямлі» (1982), «На далонях жыцця» (1988), «Святло зямлі» — выбранае (1992), «Трывога лёсу» (1996), «Не разлюбі» (2003), «На вейцы веку» (2006).

Творы паэта перакладаліся таксама на ўкраінскую, польскую, рускую, балгарскую, нямецкую, асецінскую мовы. А. Салтук перакладаў на беларускую мову вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў.

Лаўрэат літаратурных прэмій Ленінскага камсамола Віцебшчыны, імя Уладзіміра Караткевіча, часопіса «Маладосць», «Сузор’е муз». Лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2011).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *