16 красавіка на брацкіх могілках у вёсцы Дворышча прайшло перапахаванне

Актуалии

Учора, 16 красавіка, на брацкіх могілках у вёсцы Дворышча Сіроцінскага сельсавета прайшло перапахаванне астанкаў салдат, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны,  абараняючы сваю Радзіму ад ворага. Удзел ва ўрачыстасцях прымалі кіраўніцтва раёна, мясцовыя жыхары, вучні Слабадской школы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, духавенства.

За  апошнія 7 год у нашым раёне перапахаваны астанкі 38 воінаў, на жаль,  вядомыя імёны толькі 9-ці з іх, гаварыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Зайцаў.

Астанкі ваеннаслужачых былі знойдзены ў ходзе пошукавых работ сіламі прадстаўнікоў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна на тэрыторыі Каўлякоўскага, Дабейскага і Сіроцінскага сельсаветаў. Ваенны камісар раёна Алег Чарняўскі выказаў удзячнасць  Васілю Васільевічу Якаўлеву, на прысядзібным участку якога былі знойдзены астанкі трох ваеннаслужачых, у тым ліку і Аляксея Аляксандравіча Іванова, імя якога было ўстаноўлена па ўкладышу медальёна і нумарнога медаля “За адвагу”. Работы па ўвекавечанні ў раёне працягваюцца.

Любоў да радзімы – адно з галоўных прызначэнняў чалавека, упэўнены благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі.

Салдат  пахавалі згодна з хрысціянскімі традыцыямі і з усімі ваеннымі ўшанаваннямі. На магілу леглі вянкі і кветкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *