“Партызаны Дабейскага краю”
Трымаю ў руках стары школьны альбом, у які ўклеена 16 фатаздымкаў 40-70-х гадоў мінулага стагоддзя, акуратна фламастэрам выведзены загалоўкі, на 30 старонках каліграфічным почыркам запісаны ўспаміны былога дырэктара Бараноўскай школы, рэдактара падпольнай газеты партызанскай брыгады імя Кароткіна Івана Фёдаравіча Пратасевіча.
Альбом гэты прынёс у рэдакцыю жыхар райцэнтра Леанід Пятровіч Саўчанка: “Перабіраў сямейныя архівы і знайшоў стары альбом “Партызанскі рух на Дабейшчыне”, створаны ў Бараноўскай школе. У год юбілею Перамогі, лічу, газеце будзе цікавы гэты матэрыял”.
Падрабязны аповед ветэрана вайны апісвае суровыя будні ваеннай пары, калі людзі кожную хвіліну хадзілі пад смерцю, апісвае першыя баявыя крокі створанага партызанскага атрада. Свой расказ І. Ф. Пратасевіч адрасуе вучням Бараноўскай школы. Зараз ужо няма гэтай школы, няма на гэтым свеце і яго самога, выраслі і пастарэлі тыя рабяты, да якіх звяртаецца былы партызан, але ягоныя словы гучаць як завяшчанне нам і ўсім будучым пакаленням.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Аб узнікненні партызанскага руху на Дабейшчыне
“Дарагія рабяты! Уладзімір Вікенцьевіч Піульскі, ваш настаўнік, ад вашага імя папрасіў мяне даць некаторыя звесткі аб зараджэнні партызанскага руху на Дабейшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Мне не да твару адмовіць у гэтай просьбе, бо я сам партызан з в. Бараноўскія, ды да таго ж быў да прыходу гітлераўцаў дырэктарам вашай школы, што мяне лішні раз абавязвае пісаць да вас…”.
“Новы парадак”
Вайна застала мяне ў доме адпачынку за Невелем, дзе я паспеў толькі пераначаваць… Уцякаючы ад фашысцкага палону ў першыя дні вайны, мне давялося бачыць шмат жахлівага… У тыя спякотныя дні паабапал вялікіх шляхоў на ўсход, па якіх імкліва рухалася фашысцкая саранча, на ўласнай зямлі валяліся забітыя нашы воіны і тут жа аўтамашыны, ваенная тэхніка, боепрыпасы. У неба падымаўся густы пыл, узняты варожай тэхнікай. У паветры вісеў непрывычны гул іх самалётаў… Усё гэта імчалася на ўсход і над усім гэтым стаяў смурод ад трупаў людзей і жывёлы.
Над анямеўшым краем панавала разбойніцкая гітлераўская зграя. На пераправах Дзвіны ў Бешанковічах і Уле пераможнымі маршамі грымелі нямецкія рэпрадуктары, а фашысцкія малойчыкі з закасанымі рукавамі, іншы раз голыя па пояс, на матацыклах і машынах з нахабнымі тварамі спяшаліся “да Масквы”…
Па меры таго, як фронт прасоўваўся на ўсход, паступова ўстанаўліваўся акупацыйны “новы парадак”, рэжым гвалту і запалохвання шляхам масавых забойстваў людзей… Фашысты арганізавалі знішчэнне ўсіх яўрэяў. Калі ўсе яўрэі пагалоўна (рэд. – у Шуміліне) былі расстраляны на тэрыторыі сучаснага торфабрыкетнага завода “Дабееўскі мох”, то каб і надалей трымаць народ у смяротным страху, з’явіліся “чарапашнікі”. Гэта карнікі з нашыўкамі на рукавах мундзіраў чэрапа і скрыжаваных касцей. Яны вышуквалі камуністаў, савецкіх актывістаў, камсамольцаў і знішчалі іх без усякага разбору. Потым яны вешалі і стралялі людзей за знойдзеную бутэльку, якая пахла самагонам (хаця і самі прагна глыталі самагон), за сувязь з партызанамі, за ўкрыццё яўрэяў, за слуханне радыё, за непакорлівы погляд і многае іншае.
У раённым цэнтры дзейнічала камендатура і раённая паліцыя, у кожнай вёсцы былі бургамістры ці старасты, паліцаі. Нехта ішоў на службу да ворага шчыра, нехта пад прымусам, з-за страху. Паліцаі арганізоўвалі правакацыі супраць сялян, вымагалі ў іх прадукты і рэчы, адбіралі жывёлу, прымушалі служыць у паліцыі.
На барацьбу з ворагам
У Бараноўскіх і іншых населеных пунктах знайшлі прытулак воіны Савецкай Арміі, якія апынуліся ў акружэнні або ў палоне і вырваліся з лап фашыстаў. Зімой гэтым людзям некуды было падацца і яны ўсе чакалі вясны, прыслухоўваючыся да чутак аб партызанах, аб падзеях на фронце і імкнуліся ўстанавіць сувязь з найбольш надзейнымі і рашучымі людзьмі. Я помню некаторых з іх. Гэта Анціпаў (тэхнік-будаўнік з Горкага), уралец Вараксін, Мішчанка Мікалай, Рыбальчанка Яўген…
У адну з марозных лютаўскіх начэй да мяне завіталі два незнаёмцы (савецкія лейтэнанты) і Зямновіч з-пад Лоўшы, у іх была зброя, патроны, яны шукалі партызан. Вайскоўцы пэўны час жылі ў мяне на школьнай кватэры, а вясной пайшлі ў лес да партызан.
У той жа час група маладых людзей – Анціпаў, Яўген Іванавіч Штрак (лейтэнант, немец з Паволжжа), Попікаў, Хмяльноў, Аляксандр Осіпаў таксама адправіліся да партызан у лес. Паліцаі ў адказ арыштавалі маці і сястру Осіпава, якія жылі ў в. Ляжні Хмялеўскія і даставілі іх у Дабею. Партызаны адправіліся на выручку, але трапілі ў засаду. Параненыя Анціпаў і Осіпаў былі схоплены фашыстамі. Осіпаў быў расстраляны ў Дабеі, а Анціпава прыгналі ў Лескавічы.
Там яго прысудзілі да павешання. Расказвалі, што Анціпаў папрасіў развязаць рукі. Калі ягоная просьба была выканана, Анціпаў стукнуў у твар фашысцкаму афіцэру і кінуўся ўцякаць. Аднак з дапамогай аўчаркі быў злоўлены, расстраляны і павешаны для застрашвання савецкіх людзей.
Арганізаванай барацьба з ворагам стала з вясны 1942 года, калі на Дабейшчыне з’явіліся пасланцы партызан з “Вялікай зямлі” (з савецкага тылу). З’явіліся чуткі пра партызан у лясах каля Ільінцаў.
Як я потым даведаўся, гэта былі Шляхтуноў Фёдар Сазонавіч (рэд. – першы старшыня Сіроцінскага райвыканкама ў 1924-1927 гг.) – камандзір атрада, і Эрдман Адольф Браніслававіч – камісар атрада, былы сакратар Сіроцінскага райвыканкама. З імі былі ўцалелыя пасля Дабейскага разгрому Штрок, Попікаў, маці і дачка Осіпавы, Аляксееў Пеця ды іншыя, так чалавек з 11. Гэтая жменька людзей намагалася аднавіць на Дабейшчыне веру людзей у партызанскі рух. З гэтай мэты яны арганізавалі “добрую” сустрэчу паліцаям з засады каля вёскі Кулакова.
У немцаў служылі нашы людзі – аграномам Домчанка, а ляснічым Мудры Захар Мікалаевіч, якім было заданне ад партызан – падвесці пад партызанскую засаду паліцаяў, адпомсціць ім за здзекі над сваімі людзьмі, за здраду, за ўсе іх ганебныя справы…
І вось у пачатку чэрвеня 1942 года паліцаі з Шуміліна і Дабеі выехалі на партызан, ну проста як на забаўнае паляванне. Ехалі на падводах і на веласіпедах. Спераду на сваёй падводзе ехаў Домчанка. На яго падводу паліцаі здуру згрузілі шмат вінтовак і боепрыпасаў. Перад партызанскай засадай, за в. Кулакова, Домчанка моцна пагнаў свайго каня і праскочыў засаду, а “храбрыя” паліцаі адразу ж былі стрэчаны дружным агнём народных мсціўцаў… Паліцаі без памяці кінуліся ўцякаць, кідаючы падводы і веласіпеды. Партызаны ў гэты дзень захапілі шмат зброі. Разгром пад Кулаковам быў не толькі рэваншам, ён усяляў веру ў сілу партызанскага руху і нагнаў жах на ўсю паліцэйшчыну раёна.
І. Ф. ПРАТАСЕВІЧ.
(Заканчэнне будзе).
Надрукавана ў №29 ад 14.04.2015 г.