Здарэнні. Крымінал
Бочка
У міліцыю звярнуўся загадчык майстэрні СФГ “Раднік”, які расказаў, што прапала металічная бочка для захоўвання мінеральных угнаенняў. Як высветлілася, бочка працяглы час знаходзілася на абочыне дарогі ва ўрочышчы Клімава. Урон, нанесены гаспадарцы, складае больш за 11 мільёнаў рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Дарожныя знакі
Работнікі ДРБУ-204 паведамілі ў міліцыю, што на аўтадарозе Бешанковічы-Крывое Сяло-Улазавічы невядомыя вандалы пашкодзілі 11 дарожных знакаў, а ў вёсцы Бокішава – павільён аўтобуснага прыпынку. Урон, нанесены ДРБУ-204, складае больш за 15 мільёнаў рублёў. Згодна з арт. 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Апаганенне пабудоў і псаванне маёмасці” па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа. Злачынцам пагражаюць грамадскія работы або штраф, або арышт на тры месяцы.
Веласіпед
Жанчына з Шуміліна звярнулася ў міліцыю з нагоды прапажы веласіпеда. Высветлілася, што яна неаднаразова пакідала яго без нагляду на пляцоўцы шматпавярховага дома. І вось яе веласіпед “Стэлс” коштам амаль тры мільёны рублёў бясследна знік. Узбуджана крымінальная справа.
Са зводак ДАІ
Прафілактыка ДТЗ
Супрацоўнікі ДАІ праводзяць прафілактычную работу па папярэджанні ДТЗ з удзелам двухколавых транспартных сродкаў. У час рэйдаў звяртаецца ўвага на тэхнічны стан матацыклаў, скутараў, мапедаў. У гэтым годзе ў раёне яшчэ не выяўлена парушэнняў з удзелам гэтых транспартных сродкаў, а летась іх было 128 (у вобласці – 3976).
Стаянка
Жыхар Шуміліна пакінуў вялікагрузны аўтамабіль ля прыватнага дома па вуліцы Дружбы. За незаконную стаянку мужчыну прыйдзецца заплаціць штраф памерам у 5 базавых велічынь, за паўторнае такое ж парушэнне штраф будзе ў два разы большы.
Хуткасць
На вуліцы Юбілейнай у Шуміліне супрацоўнікі РАУС спынілі грамадзяніна Літвы, які ехаў на аўтамабілі ДАФ з перавышанай хуткасцю руху (на 41 кіламетр у гадзіну). За парушэнне грамадзянін Літвы пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на адзін год.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.