Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Крадзеж раскрыты

Раённая газета пісала пра крадзеж з дачнага дома ў Мікіцісе, адкуль укралі два газавыя балоны і новыя дошкі. Нядаўна супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі, што крадзеж здзейсніў раней судзімы мясцовы жыхар. Мужчына, якога арыштавалі, прызнаўся ў крадзяжы.

Запчасткі
У міліцыю звярнуліся з Мікалаеўскага сельвыканкама: легкавую машыну сельвыканкама, якая знаходзілася ў рамонце і стаяла ў ангары КУСГП “Ульскі”, абрабавалі. З багажніка ўкралі запчасткі ад аўтамабіля: стартар, радыятар, каробку перадач, акумулятарную батарэю на  суму больш за два мільёны рублёў. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.

Мабільнік
Жыхарка райцэнтра паведаміла ў РАУС пра крадзеж мабільнага тэлефона. Як высветлілася, жанчына аддала яго ў часовае карыстанне свайму сужыцелю. А той паехаў у госці да знаёмага ў Лескавічы. Мужчыны гаманілі за чаркай, а праз некаторы час госць забіў трывогу: у яго прапаў мабільнік. Міліцыянеры ўстанавілі, што тэлефон прыбраў да рук жыхар Лескавіч. Мабільнік канфіскаваны і вернуты гаспадыні.

Міна
Ад работніка райваенкамата ў міліцыю паступіла паведамленне: на полі ля Дворышча дзеці знайшлі выбухованебяспечны прадмет. Як высветлілі сапёры, гэта мінамётная міна часоў Вялікай Айчыннай вайны. Міна абясшкоджана і знішчана.

Веласіпед
Колькі міліцыянеры ні папярэджваюць жыхароў раёна не пакідаць свае рэчы без нагляду, усё дарэмна. Так, на мінулым тыдні жыхар Обалі пакінуў без нагляду свой веласіпед на вуліцы Першамайскай. Калі праз некалькі хвілін  мужчына вярнуўся за  веласіпедам, яго ўжо і след прастыў. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.

Спіртное
У гэтым годзе супрацоўнікі РАУС канфіскавалі ў жыхароў раёна каля тоны незаконнага спіртнога, самагону і самагоннай брагі, а таксама сем самагонных апаратаў. На пяць чалавек за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Са зводак ДАІ
Без правоў

У в. Крупчына затрыманы жыхар а.-г. Слабада, які ехаў на аўтамабілі ВАЗ без правоў кіравання. Як высветлілася, мужчына быў пазбаўлены іх некалькі месяцаў таму. Парушальнік выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС, яму пагражае штраф да 20 БВ.

Нецвярозы за рулём
На аўтадарозе Віцебск-Полацк  затрыманы жыхар Наваполацка, які кіраваў аўто ў стане алкагольнага ап’янення. Як высветлілася, не прайшло і месяца, як мужчына купіў свой БМВ і паставіў яго на ўлік у абласной ДАІ. Цяпер на аўтамабілі катацца не прыйдзецца – мужчына пазбаўлены вадзіцельскіх правоў на тры гады. Больш таго, яму прыйдзецца заплаціць штраф памерам у 100 БВ.
Па матэрыялах РАУС  падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *