Прынцып работы – якасць
Учора, 19 сакавіка, у памяшканні культурна-спартыўнага цэнтра УП “Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі” адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
На свяце слесару-сантэхніку 5 разрада ўчастка “Водаканал” УП ЖКГ Шумлінскага раёна Уладзіміру Пятровічу Бурлакову была ўручана падзяка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Такую ўзнагароду Уладзімір Пятровіч заслужыў сваёй працай і стараннем, лічыць дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро. Бадай, у камунгасе не знойдзеш яшчэ такога чалавека, якому б у “Кнігу заўваг і прапаноў” удзячныя землякі напісалі столькі падзяк.
Прынцып работы У. П. Бурлакова – якасць і яшчэ раз якасць. Ён ніколі не пойдзе ад заказчыка, пакуль не адрамантуе як след. А потым яшчэ некалькі разоў праверыць – каб ужо было надзейна. Уладзімір Пятровіч пакладзісты, разважлівы і працавіты. Ён такі не толькі на рабоце, але і дома. Пабудаваў прыгожы дом, у якім тры гады таму справіў наваселле. Зрубіў лазню, а потым – гаспадарчую пабудову, у якой разам з жонкай трымаюць карову. Асабліва ганарыцца вялікім гаражом, які зроблены па ўласным праекце. Увогуле ўсё ў доме і на падворку Бурлаковых зроблена рукамі Уладзіміра Пятровіча – добрага гаспадара і шчырага чалавека.
* * *
Дарэчы, з нагоды Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ганаровай граматай Упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны майстар падраздзялення “Шумілінскае” Валянціна Аляксандраўна Пушнякова і электрагазазваршчык падраздзялення “Сіроцінскае” Сяргей Леанідавіч Барысаў. А машыністу экскаватара падраздзялення “Кардонскае” Міхаілу Канстанцінавічу Жыгунову аб’яўлена падзяка Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №22 ад 20.03.2015 г.
Слесарю-сантехнику Шумилинского УП ЖКХ пишут только благодарности
