Шумілінскія навіны
Месячнік бяспекі
З 1 па 31 сакавіка з мэтай папярэджання пажараў і гібелі на іх людзей на тэрыторыі раёна праводзіцца месячнік па абучэнню насельніцтва мерам пажарнай бяспекі ў быце і на вытворчасці, паведаміў начальнік РАНС А. І. Сасновіч. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях прафілактычныя гутаркі, вучаць людзей, як сябе правільна паводзіць у надзвычайных сітуацыях і як правільна ўтаймаваць агонь.
Ірына Салаўёва – у лідарах
10-11 сакавіка адбыўся фінал абласнога конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”, прысвечанага 70-годдзю Перамогі.
Наша зямлячка Ірына Салаўёва, якая была ў ліку 24 фіналістаў, выдатна выступіла ў фінале і заняла другое месца ў намінацыі “Саліст-вакаліст”. Віншуем Ірыну з перамогай і жадаем, каб яе звонкі голас і далей радаваў нас і скараў новыя творчыя вяршыні.
Дарэчы, Ірына Салаўёва выйшла ў фінал абласнога этапа яшчэ аднаго маладзёжнага вакальнага конкурсу – “Новыя імёны Беларусі”. Фінальны канцэрт конкурсу адбудзецца ў красавіку.
Ганна Сола – гонар Шуміліншчыны
Бігборд з фотаздымкам нашай зямлячкі Ганны Сола з’явіўся ў канцы мінулага тыдня на ўездзе ў Шуміліна з боку Віцебска. Няхай ведае народ імёны людзей, якія праслаўляюць наш Шумілінскі край, як гэта зрабіла 19-гадовая Ганна з вёскі Завяззе, стаўшы чэмпіёнкай свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў.
Выстава
Обальскі керамічны завод прыняў удзел у спецыялізаванай выставе “Айчынныя будаўнічыя матэрыялы-2015”, якая праходзіла ў Маскве. Як паведаміў начальнік па камерцыйнай рабоце ОКЗ Аляксандр Манак, патэнцыйныя пакупнікі праяўлялі цікаўнасць да новай прадукцыі, якую плануецца выпускаць пасля завяршэння мадэрнізацыі завода.
Рэканструкцыя
Як расказаў галоўны інжынер Шумлінскага раёна электрычных сетак Уладзімір Волкаў, прадпрыемства разам з БМУ-2 пачало рэканструкцыю сістэмы электразабеспячэння ў раёне вёскі Баёўка.
Новая тэхніка
КУСГП “Сіроцінскі”, “Ульскі” і ААТ “Прыазёрны мір” атрымалі па новаму трактару МТЗ-1221, паведаміў рэдакцыі намеснік начальніка райсельгасхарчу В. В. Багатка. Новая тэхніка, атрыманая па лізінгу, будзе дарэчы да пасяўной.
Ларыса ЗАЙЦАВА, Аліна ПЯТРОВА, Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №20 ад 13.03.2015 г.